Беларусь і Іран маюць намер аднавіць ранейшы высокі ўзровень узаемадзеяння. Такая дамоўленасць дасягнута 16 красавіка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і старшыні сходу ісламскага савета Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Ларыджані.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь заўсёды разглядала Іран як перспектыўнага партнёра для супрацоўніцтва. «У нас былі і ёсць вельмі цесныя дружалюбныя адносіны», - заўважыў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Іран дасягнулі пэўных вынікаў у эканамічнай сферы, узаемным тавараабароце. Разам з тым ён акцэнтаваў увагу на некаторым зніжэнні ўзроўню кантактаў.
«Мы павінны проста неадкладна выйсці на самы высокі ўзровень узаемадзеяння, як гэта было раней, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Тым больш што для гэтага ёсць аснова — вялікі вопыт двухбаковага супрацоўніцтва».
Лукашэнка лічыць, што няма неабходнасці гаварыць аб узаемных магчымасцях: «Вы добра ведаеце Беларусь, мы — Іран. Магчымасці і ў нас, і ў вас каласальныя. Хацелася б, каб мы аднавілі, у выніку нашых магчымасцей, супрацоўніцтва».
Ён падкрэсліў таксама зацікаўленасць Беларусі ў іранскіх інвестыцыях. Паводле яго слоў, «Іран да санкцый гатовы быў да $1 млрд інвесціраваць у Беларусь».
«Мы разумеем, што ёсць пэўныя цяжкасці і складанасці, у тым ліку ў прыватных інвестараў, і мы вас прасілі б, каб іранская дзяржава падтрымала інвестараў, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Мы выдзяляем ім зямлю, і гэтыя аб'екты размешчаны на вельмі бачным месцы. Усе ведаюць, што гэта будуе менавіта Іран - лагістычныя і гандлёвыя цэнтры, жыллё».
Разам з тым Лукашэнка заўважыў: «Хацелася б, каб тут было больш руху, каб вы ў цэнтры Еўропы дэманстравалі ўсім, што Іран ёсць, ён не проста жывы, ён будзе доўга жыць, і на злосць нашым ворагам ён будзе квітнець».
Акцэнтуючы ўвагу на важнасці ажыццяўляемых у Беларусі сумесных з Іранам праектаў, у тым ліку інвестыцыйных, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Гэта выгадныя праекты, і яны акупяцца».
У сваю чаргу Алі Ларыджані запэўніў, што Іран гатовы прадаўжаць усебаковыя кантакты з Беларуссю на аснове ўжо існуючага вопыту. «Мы павінны выкарыстоўваць наш вопыт і ствараць новую атмасферу для супрацоўніцтва», — упэўнены ён.