Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў паабяцаў свайму беларускаму калегу Міхаілу Мясніковічу перагледзець пытанне закупак беларускай сельгастэхнікі з улікам яе лакалізацыі.

У апошні час экспарт беларускай сельгастэхнікі ў Расію моцна пахіснуўся. Гэта звязана з тым, што расійскія ўлады на заканадаўчым узроўні абмежавалі падтрымку закупак любой тэхнікі, калі яе лакалізацыя складае менш за 30%. Такая тэхніка аўтаматычна лічылася замежнай і яе закупкі ўжо не маглі рабіцца пры падтрымцы дзяржавы. Да замежнай была аднесеная і беларуская сельгастэхніка, у выніку чаго расійскі рынак для беларускі вытворцаў моцна звузіўся.

На сустрэчы Міхаіла Мясніковіча і Дзмітрыя Мядзведзева ў ліку іншых было закранутае і гэтае пытанне.

Як паведаміла прэс-служба Саўміна, Мясніковіч тлумачыў Мядзведзеву, што беларуская сельгастэхніка несправядліва аднесеная да замежнай, паколькі пры вызначэнні яе лакалізацыі не ўлічваецца той важны момант, што многія камплектуючыя для гэтай тэхнікі купляюцца менавіта ў Расіі. Так, напрыклад, на шмат якой тэхніцы стаяць рухавікі Яраслаўскага маторнага завода.

Мядзведзеў паабяцаў выправіць гэтае непаразуменне і нават даў указанне віцэ-прэм'еру Расіі Аркадзю Дварковічу, каб пры разліку ўзроўню лакалізацыі ўлічваліся камплектуючыя, што набываюцца беларускімі прадпрыемствамі ў Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?