Ізраільскі бок лічыць інцыдэнт вакол выказванняў Аляксандра Лукашэнкі вычарпаным.

Пра гэта ў ходзе сустрэчы з рэдактарам газеты «Советская Белоруссия» Паўлам Якубовічам 30 кастрычніка заявіў намеснік кіраўніка аддзела па Цэнтральнай Еўропе і Еўразіі МЗС Ізраіля Піні Авіві, паведамляе ізраільскае выданне «Haaretz».

П. Якубовіч, нагадаем, прыбыў у Ізраіль на мінулым тыдні. На сустрэчы ў МЗС гэтай краіны ён заявіў, што словы прэзідэнта Беларусі аб яўрэйскім народзе варта разглядаць як «жартаўлівыя, несур’ёзныя», яны «не адлюстроўваюць сапраўднай пазіцыі ў адносінах да яўрэяў», піша «Haaretz».

Паводле пераканання П.Якубовіча, заявы А.Лукашэнкі, зробленыя 12 кастрычніка, «можна расцэньваць па‑рознаму, але не як антысеміцкія». Галоўны рэдактар «СБ» таксама зазначыў, што беларускі прэзідэнт «быў пакрыўджаны падобнымі абвінавачаннямі».

П.Якубовіч і пасол Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня сустрэліся таксама са старшынёй парламенцкай камісіі па зваротах грамадзян Софай Ландвер. Як паведамляе «MIGnews.com» са спасылкай на С.Ландвер, сустрэча была ініцыяваная беларускім паслом і насіла «тлумачальны характар у сувязі ў нядаўнім скандальным выказваннем прэзідэнта Беларусі».

«Яўрэйскі народ памятае за ўсю сваю шматвекавую гісторыю шмат нанесеных яму крыўдаў. І таму сёння, у XXI стагоддзі, хацелася б, каб такога роду інцыдэнтаў было як мага менш. Адносіны паміж Ізраілем і Беларуссю заўсёды базаваліся на прынцыпах самапавагі, і трэба іх толькі ўмацоўваць, а не сумнявацца ў іх!» — цытуе «MIGnews.com» словы Софы Ландвер.

Нагадаем, 12 кастрычніка на прэс‑канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх СМІ ў Мінску А. Лукашэнка, у прыватнасці, заявіў:

«Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным яўрэйскі быў горад, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да таго месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў… Я ні ў якім разе не хачу іх пакрыўдзіць, але яны не вельмі клапоцяцца, каб падстрыжана трава была, як у Маскве, у расіян, беларусаў».

Словы прэзідэнта выклікалі крытыку з боку МЗС Ізраіля і яўрэйскай грамадскасці.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0