11 красавіка споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння расійскага крытыка і літаратуразнаўца Ігара Дзядкова, чалавека, які шмат увагі надаваў беларускай літаратуры, аўтара кнігі пра Васіля Быкава (другім выданнем выйшла ў 1990­-м), карэспандэнта не аднаго нашага пісьменніка.

У 2000-­м я змясціў у часопісе «Нёман» свой артыкул­-успаміны пра Ігара Дзядкова. У тым артыкуле цікавасць Ігара Аляксандравіча да беларускай літаратуры я патлумачыў і генетыкай, бо крытык паходзіў з крывічоў-­смалянаў. Генетыкай, пэўна, тлумачылася і тое, што творы беларусаў ён чытаў, калі яны да яго даходзілі, і ў арыгінале, без перакладу. Так было, напрыклад, з раманам Васіля Быкава «Знак бяды»: сваю рэцэнзію (дарэчы, самую першую) Ігар Дзядкоў напісаў на часопісную, палымянскую, публікацыю.

Пачаць гэты тэкст, мусіць, трэба з нашай першай сустрэчы, што адбылася ў красавіку 1983 года падчас навуковай канферэнцыі «Сучасныя праблемы ваеннай прозы», якую ладзілі Інстытут літаратуры Акадэміі навук БССР і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Як і кожнае мерапрыемства такога роду, канферэнцыя праходзіла з дазволу ЦК КПБ. Накіроўваючы мяне на канферэнцыю, галоўны рэдактар «ЛіМа» Алесь Жук даручыў мне напісаць для тыднёвіка справаздачу з яе і дадаў, што тэкст справаздачы перад публікацыяй будуць чытаць у аддзеле культуры ЦК КПБ. Не выключана, што сам загадчык аддзела Іван Антановіч.

Іван Антановіч і савецкі гуманізм

Доктар філасофскіх навук прафесар Антановіч быў ворагам «абстрактнага гуманізму». Ён быў за «сацыялістычны», а дакладней за савецкі гуманізм. Сутнасць жа савецкага гуманізму, калі коратка, заключалася ў любові да савецкіх людзей — будаўнікоў камунізму, да працоўных усяго свету, якія змагаюцца з уладай капіталу і каланіяльным панаваннем, а таксама ў нянавісці да ворагаў камунізму, эксплуататараў працоўных, каланізатараў ды іх памагатых.

«Падкаваны» чытач адразу ж убачыць роднасць паміж савецкім гуманізмам і нацызмам. Дастаткова савецкіх людзей памяняць на немцаў, будаўнікоў камунізму — на будаўнікоў ІІІ Райху і г.д.

Іван Антановіч, паводле сведчання Алеся Адамовіча, разважаў так: атамная вайна забярэ жыцці многіх мільёнаў людзей, але гэта не павінна нас бянтэжыць, бо больш важна, каб пасля гэтай вайны засталіся савецкія людзі, якія будуць працягваць справу камуністычнага будаўніцтва.

З тае прычыны, што даклад на канферэнцыі меўся рабіць «абстрактны гуманіст» Алесь Адамовіч (што ні кажы, партызан, аўтар «ваенных» кніг і член­-карэспандэнт), а выступіць меліся не менш «абстрактныя гуманісты» Васіль Быкаў, Лазар Лазараў, Юрый Каракін, Віктар Казько, якімі аддзел культуры не мог надта пакамандаваць, мая задача як газетчыка заключалася ў тым, каб не кідацца ў крайнасці і зрабіць максімальна нейтральны тэкст. Той, хто будзе чытаць мае нататкі з канферэнцыі «Праўда вайны — супраць вайны» (ЛіМ, 6 траўня 1983 г.), пераканаецца, што мне гэта ўдалося. Асадка Івана Антановіча практычна не дакранулася да майго тэксту. А яшчэ заўважыць чытач, што ў тых нататках я неаднаразова цытаваў Ігара Дзядкова. Тэкст ягонага выступлення я папрасіў у крытыка адмыслова.

Калі да канца падыходзіў першы дзень канферэнцыі і старшыня абвясціў, што заўтра замест Барыса Сачанкі, як было прадугледжана праграмай, першы будзе выступаць Алесь Савіцкі, я сказаў Ігару Аляксандравічу:

— Не пазніцеся заўтра. У канцы выступлення Савіцкага вы паслухаеце пра сусветны сіянізм.

У дадатак я патлумачыў крытыку, што белетрыст Савіцкі ў свой час загадваў сектарам мастацкай літаратуры ў ЦК КПБ.

Сусветны сіянізм быў вінаваты перад Алесем Савіцкім за тое, што амаль перад самай канферэнцыяй крытык Таіса Грамадчанка надрукавала ў «ЛіМе» артыкул «Чалавек на вайне: Чытаючы раманы Алеся Савіцкага». Крытык адзначала адсутнасць у творах Савіцкага якраз гэтага «абстрактанага гуманізму».

На другі дзень канферэнцыі, у перапынку, Ігар Аляксандравіч спытаўся ў мяне, адкуль я ведаў, чым скончыць сваё выступленне Алесь Савіцкі. «Дык я ж тут жыву і збольшага ведаю, чаго ад каго чакаць», — быў мой адказ.

Неафашысты каля «Мира»

Канферэнцыя скончылася 20 красавіка. Бадай, ні ў каго з прысутных у галаве не было думкі, што менавіта ў гэты дзень нарадзіўся Гітлер.

Затое гэтую дату памятала група маладых брытагаловых менчукоў, якія пад вечар прыйшлі да кінатэатра «Мир», каб публічна ўшанаваць памяць фюрэра.

(Назву кінатэатра падаю па-­расійску, бо не ведаю, у якім значэнні ўжыта тут слова «мир».)

Пра тую акцыю тутэйшых фашыстаў назаўтра мне стала вядома ад нашага лімаўскага ўсяведа — загадчыка аддзела інфармацыі Алеся Марціновіча. Год праз дванаццаць, ужо ў лукашэнкаўскай Беларусі, я ледзь не страціў прытомнасць, калі ўбачыў на станцыі метро «Кастрычніцкая» апранутых і абутых у чорнае малойчыкаў, якія прывіталі адзін аднаго выкідам рук. А што казаць пра андропаўскі час? Алесева інфармацыя гучала непраўдападобна. Фашысты? У Менску? Гэта не ўкладвалася ў галаве. Але інфармацыю пацвердзілі іншыя людзі.

Пра тое «святкаванне» Гітлеравых угодкаў я напісаў Ігару Аляксандравічу. І атрымаў ад яго ліст. У лісце ёсць слова «потрясён», якое лепш перакласці не як «узрушаны», а як «ашаломлены». «Я быў ашаломлены, калі ўпершыню пра іх [зборшычы брытагаловых] пачуў, не паверыў; як і Вы; цяпер даводзіцца верыць, што такое магчыма нават у Менску!..» З ліста вынікае, што зборышчы фашыстаў адбываліся не толькі ў Менску і што чуткі пра іх хадзілі ў грамадстве, даходзілі і да Кастрамы, дзе жыў у той час Ігар Дзядкоў.

Было б цікава пачытаць, як і што «органы» паведамлялі пра тыя зборышчы партыйнаму кіраўніцтву, свайму нядаўняму шэфу Юрыю Андропаву, які ў канцы 1982-­га стаў генеральным сакратаром ЦК КПСС.

«Баляванне рускага духу»

Тое, што ў грамадстве адбываецца палярызацыя сілаў, што ў Расіі ў нейкай ступені аднаўляецца супрацьстаянне заходнікаў і славянафілаў, было несумненна. Хіба з той папраўкай, што «славянафілы» новага часу сталі называцца «почвеннікамі» — як адна з плыняў у славянафільстве ХІХ ст. (яе «бацькам» лічыцца Фёдар Дастаеўскі). Штабам новых «почвеннікаў» была рэдакцыя часопіса «Наш современник».

Нянавісць да Захаду, да каталіцызму не была нейкай навіной у культурным жыцці савецкай Расіі. Яна была іманентна ўласцівая пэўнай частцы расійскага «адукаванага грамадства» ва ўсе часы.

Толькі ў савецкі перыяд яна на кароткі час набыла сацыяльна­класавае адценне: краіна «пераможнага пралетарыяту» супрацьстаіць брытанскаму (французскаму, нямецкаму, італьянскаму, польскаму і г.д.) імперыялізму. Але з часам зноў адбыўся перавод гэтага супрацьстаяння на цывілізацыйна­рэлігійную плашчыню. Ігар Дзядкоў не змог не звярнуць увагу, напрыклад, на гістарычныя раманы Дзмітрыя Балашова, які ідэалізаваў ранніх маскоўскіх князёў, а галоўным ворагам Масквы лічыў Вялікае Княства Літоўскае. І вось у 1986­-м яму ў кампаніі з Сяргеем Залыгіным і з «почвеннікамі» Васіліем Бяловым, Уладзімірам Крупіным ды іншымі давялося асабіста пазнаёміцца з гэтым аўтарам. Пасля таго знаёмства Ігар Аляксандравіч пісаў мне: «…маё смаленскае паходжанне (? «голас крыві») замінала мне з лёгкай душой браць удзел у баляванні рускага духу, аддаваць перавагу Ардзе перад Літвою і г.д.».

Я не хацеў бы кінуць цень на ўсіх расійскіх «почвеннікаў», але з іх лагеру, акрамя варожасці да Захаду і каталіцызму, патыхала смуродам антысемітызму. Я быў проста ў шоку, калі чуў у Менску (ведама, у прыватнай гутарцы) «адкрыцці» літаратурнага крытыка, ясеніназнаўцы Юрыя Прокушава. Ён вінаваціў жыдоў і ў смерці Ясеніна, і ў смерці Маякоўскага, і ў смерці Паўла Васільева… Не было толькі адказу на пытанне: а хто вінаваты ў смерці расійскіх пісьменнікаў з роду Якуба-­Ізраіля?

Партыйныя захапляліся Мюлерам

У Беларусі былі свае «почвеннікі» і «семіты», але пра іх я напішу ва ўспамінах пра Алеся Адамовіча.

Тут жа хачу адзначыць, што ў партыйных інстанцыях і ў савецкім грамадстве новая хваля антысемітызму паднялася ў час Шасцідзённай вайны (1967). Гэта быў працяг сталінскай барацьбы з «бязроднымі касмапалітамі», «лекарамі­шкоднікамі», але шырмаю для антысемітызму стала барацьба з так званым сусветным сіянізмам. Некаторыя партапаратчыкі спрабавалі пераканаць мяне, што беды беларускай культуры ў канцы 1920­х — 1930­-х трэба тлумачыць «засіллем» у КП(б)Б людзей пэўнай нацыянальнасці, але яны не маглі патлумачыць, чаму пад каток тэрору трапілі і прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці.

Што праўда, я не чуў ад нашых партапаратчыкаў хоць нейкага апраўдання нямецкага нацызму.

Не ведаю, як у парткабінетах зрэагавалі на вестку пра зборышча каля кінатэатра «Мир», але Ігар Дзядкоў вярнуўся да гэтай тэмы ў яшчэ адным лісце. І падышоў да яе з іншага боку. 22 чэрвеня (!) 1983 г. ён пісаў: «Днямі размаўляў з адным палітычным дзеячам абласнога маштабу. Размова павярнула выпадкова на «17 імгненняў вясны»…» Перарву цытату. Думаю, і цяперашнім маладым вядома, што «17 імгненняў вясны» — тэлефільм пра савецкага разведчыка Максіма Максімавіча Ісаева, які пад прозвішчам Шцірліц у чыне штурмбанфюрэра служыць у галоўным імперскім упраўленні бяспекі і здабывае для савецкага кіраўніцтва вельмі важную інфармацыю. Фільм глядзелі мільёны, вуліцы савецкіх гарадоў падчас паказу чарговай серыі пусцелі. У гэтым фільме нават не вельмі ўдумлівыя людзі маглі ўбачыць падабенства паміж бальшавіцкай і гітлераўскай партыямі, але, з другога боку, людзей удумлівых бянтэжыла «ачалавечванне» нацыстаў і эстэтызацыя нацызму. Дык вось, калі гаворка зайшла пра фільм «17 імгненняў вясны», Ігар Дзядкоў пачуў ад палітычнага дзеяча абласнога маштабу, што шэф гестапа Мюлер і яго кампаньёны былі «разумныя людзі», «цудоўныя арганізатары», нават з «нейкім станоўчым пачаткам».

Відавочна, што шукаючы станоўчае ў нацызме, партапаратчыкі і людзі з сілавых структураў СССР вялі такія размовы перш за ўсё паміж сабой. І, як відаць, не саромеліся іншы раз выходзіць са сваімі высновамі «на людзі». Пазнейшыя падзеі (узяць бы хоць знакамітае інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі нямецкай газеце «Handelsblatt») паказалі, як глыбока гэтыя высновы праніклі ў асяроддзе савецкага актыву. Гэтая з’ява пазней атрымае назоў камуна-­фашызму.

Карані камуна­-фашызму

Камуна­фашызм вынік з ідэйнага і практычнага крызісу бальшавізму. Ужо да сярэдзіны 1970­х стала ясна, што план пабудовы камунізму ляснуўся, а выпрацаваць нейкія новыя ідэі ці «скаціцца» да сацыял­дэмакратызму КПСС з прычыны сваёй таталітарнай сутнасці не магла, і многім яе дзеячам нічога не заставалася, як звярнуцца… нават не да нацыяналізму, а да ідэі выключнасці расійскага народа. Зноў жа, у гэтым таксама не было нічога новага, бо яшчэ ў 1945-­м Сталін абвясціў расійцаў вядучай нацыяй Савецкага Саюза. Калі быць карэктным, дык адраджэнне расійскага шавінізму пачалося нават не ў 1945-­м, а раней — калі бальшавікі пачалі звяртацца да вобразаў расійскіх цароў і военачальнікаў, калі гэтыя вобразы пачалі папулярызаваць на сцэнах, у кіно і белетрыстыцы («класічны», ленінскі, бальшавізм такога не дапускаў).

Ад камуна­фашысцкіх высноваў пра тое, што нацысты — «разумныя людзі», «цудоўныя арганізатары», нават з «нейкім станоўчым пачаткам» ляжыць просты шлях да таго, што напісаў нядаўна расійскі палітолаг Андранік Мігранян.

Ён прапанаваў нам адрозніваць Гітлера да 1 верасня 1939 г. і Гітлера пасля пачатку Другой сусветнай вайны. Быццам у той, даваеннай, Германіі не было нацызму, тэрору, быццам з тае Германіі не было масавай эміграцыі…

Тут важна адзначыць, што сябар беларускай культуры Ігар Дзядкоў не толькі адчуваў, але і разумеў усю небяспеку нацызму для Расіі яшчэ на самым пачатку гарбачоўскай перабудовы. Праз два гады пасля менскай навуковай канферэнцыі «Сучасныя праблемы ваеннай прозы», 19 красавіка 1985 г., ён пісаў мне: «У Маскве высвятляюць, хто за каго «маскавіцейшы» (не ведаю, як утварыць адпаведную форму ад слова «рускі»). З майго гледзішча, гэта малаплённы занятак. І ад самых «маскавітых» (сваёй гардыняй, пыхай і да т.п.) я дабра не чакаю. І ніхто ніколі яго не чакаў — ва ўсе часы».

***

Ігар Дзядкоў (1934, Смаленск — 1994, Масква) — расійскі літаратурны крытык. Доўгі час жыў у Кастраме, працаваў у газеце «Северная правда», ад 1987 быў палітычным аглядальнікам часопіса «Коммунист» (Масква). Аўтар кніг пра творчасць Васіля Быкава і Сяргея Залыгіна, пісаў пра творы Віктара Астаф’ева, Юрыя Трыфанава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?