На выходныя ездзіў у Коўна на спатканне, датычнае падрыхтоўкі чарговага, ужо чацвёртага Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі (дарэчы, ужо адчыненая анлайн-рэгістрацыя для індывідуальных заявак).

Прытым што люблю лазіць па музеям, але з Коўна у мяне ніяк не атрымлівалася заняцца гэтай справай. За апошнія гады сфармаваўся магічны трохкутнік: галоўны корпус Універсітэта Вітаўта Вялікага — гатэль «Метраполіс» - паб «Рэпаблік», за межы якога практычна немагчыма вырвацца. Але ў дадзены візіт усё ж здолеў перааодолець гэтыя кармічныя забароны і адведаць хоць галерэю Міколаса Жылінскаса. Гэта частка ковенскага дзяржаўнага мастацкага музея, названая ў гонар калекцыянера, які падарыў свае зборы літоўскай дзяржаве і на гэтай падставе якраз і быў сфармаваны музей.

Прыцягнулі мяне найперш часовыя выставы, але і асноўная экспазіцыя вартая ўвагі.

Часовыя выставы былі ажно тры. Першая — «Вітаем, Парыж! Шляхі міграцыі літвакоў». Вельмі падобная канцэпцыя да «Мастакоў Парыжскай школы з Беларусі», пераважна прыватныя калекцыі, толькі цікава як абсалютна па-рознаму інтэрпрэтуецца спадчына практычна аднолькавага кола мастакоў.

Для беларусаў важней іх паходжанне, прывязка да месца нараджэння, і таму не дзіўна, што галоўнае тут - «з Беларусі». У літоўскай выставе слова «Беларусь» навогул элімінаванае, мова ідзе пра літвакоў, гістарычныя літоўскія землі, штэтлы Усходняй Еўропы.

Такая стратэгія адбіваецца і на афармленні выставы: у інфе да карцін толькі імёны мастакоў і назвы твораў, нават год стварэння твораў часта адсутнічае. Можа палічылі непатрэбным асабліва замарочвацца, але сапраўды — калі пазначаць месца нараджэння літвакоў, то гэта можа выклікаць шмат недарэчных пытанняў.

Калекцыя сапраўды вельмі прыстойная, нават ёсць адна, хоць невялікая карціна Шагала «Сон» (1967). Мне найбольш спадабалася карціна Пінхуса Крэменя «Чалавек у лесе» (год не пазначаны), такі трывожны экспрэсіянізм вельмі ў духу Мюнка. Творы Міхаіла Кікоіна таксама цікавыя, з больш позніх і ўжо ўласна літоўскіх эмігрантаў найбольш варты ўвагі Макс Банд, вельмі выразны па стылю аўтар.

Нядрэнная калекцыя і скульптуры — кубістычны «Скульптар» Восіпа Цадкіна (хоць і 1941 года, неяк пазнавата для кубізму), пара выдатных твораў Жака Ліпшыца (ён з Друскенікаў, практычна мой зямляк).

Тут скардзіліся на нашых музейных супрацоўнікаў, што тыя не ўмеюць развешваць карціны на выставах, магу сказаць у невялікае апраўданне, што літоўцы могуць зрабіць яшчэ горш.

Другая цікавая выстава — калекцыі мадэрнісцкай графікі з літоўскіх музеяў. Шмат вядомых імёнаў - Рэнуар, Эдуар Манэ, Пікасо, Кандзінскі, але пераважна эскізы/замалёўкі, дзе важна найперш імя аўтара.

У спалучэнні вартасць/імя заўважныя найперш «Персіянка» Маціса, «Вясенняя німфа» Рауля Дзюфі, вельмі файны «Дон Кіхот» малавядомага бельгійскага мастака Марыса Лангескенса.

Трэцяя часовая выстава — парыжскай моды эпохі Ар Дэко з калекцыі Аляксандра Васільева, дзе ўпершыню мною заўважаныя былі і жывыя наведвальнікі, а не толькі музейныя супрацоўнікі.

Сталая экспазіцыя вельмі эклектычная, першы паверх прысвечаны найперш дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, цікавыя рэчы пераважна нарабаваныя з арыстакратычных калекцый. Адразу на ўваходзе вісяць тры кунтушавыя паясы з уласнасці княгіні Магдалены Радзівіл, вялікай патронкі беларускай справы.

Першы з іх — са слуцкай мануфактуры Яна Маджарскага, і я б сказаў, што пакуль гэта самы прыгожы слуцкі пояс, што я бачыў у сваім жыцці (бачыў не так і шмат, пераважна ў віленскіх і варшаўскіх зборах, і тыя фрагменты, што захоўваюцца ў нашых муезях). У калекцыі — шкло і посуд, з уласнасці Тышкевічаў, Агінскіх, Гутэн-Чапскіх.

Пасярод залы — вялізны «Апафеоз Кацярыны ІІ» з берлінскай парцалянавай мануфактуры, кхм.

Але побач і вугалок з савецкімі прапагандысцкімі талеркамі, хоць падобны вугалок можна знайсці нават і ў Брытанскім музеі, дзе гэта ледзь не адзіная прысутнасць ХХ стагоддзя.

Мне больш блізкі па духу латвійскі посуд міжваеннага часу, з вельмі прывабнай археамадэрніцскай эстэтыкай.

Другі паверх — класічныя майстры. І тут найлепшыя творы - з калекцый магнатаў, «набытыя» ў 1940 годзе ў Ядвігі Гутэн-Чапскай і Лео фон дэр Ропа.

Жылінскас збіраў розны другасны трэш, а ў магнатаў творы значна больш сур'ёзнага ўзроўню — тут табе і Ян Прадвеснік Лука Джардана, нават у дзвюх версіях — маладым і поўным сіл, і ў форме галавы на падносе. Два творы Рубенса — цудоўнае «Укрыжаванне» і «Нэсус і Дыянэра».

Сярод больш-менш гучных імёнаў — «Дыяна» Гверчына, карціны Хасэ ды Рыбера і «Зімні ландшафт» ван дэ Вэльдэ.

Таксама частка твораў паходзіць з Рокішак, з калекцыі Пшэздзецкага / Тызенгаўзаў. Я то чытаў, што Пшэздзецкі трымаў карцінную галерэю ў Паставах, якая знікла, можа гэта яе рэшткі?

Як для досыць правінцыйнага музея, то зусім нядрэнна.

Трэці паверх — адна частка з мастацтва ХІХ стагоддзя, дзе ўжо мала што цікавага, пара ландашфтаў ад нямецкіх рамантыкаў (Мозер, Людвіг) і маленькі ландшафт ад Каро. ХХ стагоддзе прадстаўлена вельмі неардынарна — адна заля бельгійскага мастацтва пачатку ХХ ст., і зала латвійскага мастацтва міжваеннага перыяду.

Цікавы музей, дзе кожна можа знайсці нешта сваё, пакуль ідзе выстава літвакоў — дык і навогул рэкамендаваны для наведвання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?