Спявак і кампазітар з Нарвегіі, пераможца «Еўрабачання-2009» Саша Рыбак гатовы падрыхтаваць беларускую спявачку для «Еўрабачання-2015».

Пра гэта ішла размова падчас сустрэчы з ім міністра культуры Беларусі Барыса Святлова.

«Я хачу дапамагчы беларускаму выканаўцу перамагчы на конкурсе. Даўно звярнуў увагу, што ў беларусак чароўны акцэнт, калі яны размаўляюць па-англійску. Гэта назіранне ляжа ў аснову будучай песні. Героем музычнай гісторыі стане дзяўчына, якая абяцае заўсёды ісці за сваім каханым, але назаўсёды захавае свой беларускі акцэнт. У мелодыі будзе гучаць фальклорны матыў», — распавёў спявак.

На думку Рыбака, песня павінна запасці ў душу еўрапейскаму слухачу, які шмат чуў пра прыгажосць беларусак. Каб знайсці спявачку, Аляксандр Рыбак мае намер абвясціць кастынг.

У Мінкультуры з цікавасцю ўспрынялі ідэю Аляксандра Рыбака і паабяцалі аказаць усялякае садзейнічанне ў арганізацыі гэтага праекта.

Сёння ж адбылася творчая сустрэча з Аляксандрам Рыбаком ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Рыбак праслухаў некалькі выступаў і даў студэнтам парады адносна працы і паводзін на сцэне. Саша Рыбак сам акампанаваў ім на скрыпцы і раялі, чым узрушыў маладых артыстаў і выкладчыкаў універсітэта культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?