Сябра Кансэрватыўна‑Хрысьціянскай Партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў паведаміў, што ўвечары 29‑га кастрычніка ягонага 18‑гадовага сына зьбілі двое невядомых. Спадар Дзяржаўцаў мяркуе, што напад на сына маглі зрабіць тыя, хто ў жніўні гэтага году даслаў яму ліст з пагрозамі ад імя Віцебскай філіі незарэгістраванай арганізацыі РНЕ (Русское Национальное Единство).

18‑гадовы студэнт Аляксандар Дзяржаўцаў ня ведае тых двух хлопцаў, якія накінуліся на яго з кулакамі аб адзінаццатай начы 29 кастрычніка, калі ён вяртаўся дахаты. Ягоны бацька, Ян Дзяржаўцаў, зачытаў вынікі судова‑мэдычнай экспэртызы, на якую скіраваў сына перш чым зьвяртацца са скаргай у міліцыю або пракуратуру:

«У Дзяржаўцава А.Я. былі выяўлены крывападцёк у вобласьці левага вока і носа, паверхневая рана сьлізістай абалонкі верхняе губы, драпіна на левай кісьці, далоні, драпіна на правым перадплеччы».

Аляксандар Дзяржаўцаў апавядаў, што на яго ззаду напалі двое і зьбілі. І ў мяне адразу такая думка ўзьнікла: раз я атрымаў даўней ліст з пагрозамі ад РНЕ, то вось яны перайшлі ад пагрозаў да дзеяньняў ужо».

15 жніўня сябар Кансэрватыўна‑Хрысьціянскай Партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў атрымаў ліст, які пачыналіся зваротам «Мірон!», а сканчваўся словамі «Сьцеражыся! Наш карны меч можа спасьцігнуць цябе ў любым месцы і ў любы час!» Такія самыя лісты атрымалі беспартыйныя актывісты Барыс Хамайда і Сяржук Каваленка, а таксама выканаўца абавязкаў старшыні абласной арганізацыі Кансэрватыўна‑Хрысьціянскай Партыі БНФ Ян Таўпыга. Спадар Дзяржаўцаў быў адзіны, хто падаў з гэтае нагоды скаргу ў пракуратуру, запатрабаваўшы, каб супраць тых, хто рассылае лісты з пагрозамі, да таго ж, ад імя не зарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь грамадзкай арганізацыі, была распачатая крымінальная справа. Пракуратура пераслала ягоную скаргу ў Чыгуначны райаддзел міліцыі.

Пасьля праверкі выкладзеных фактаў участковым інспэктарам Яўгенам Кацкевічам міліцыянты напісала спадару Дзяржаўцаву адказ, што крымінальную справу заводзіць ня будуць. Прычыны былі выкладзеныя наступныя: РНЕ дзейнічае без афіцыйнае рэгістрацыі, і сяброўства ў ёй даказаць немагчыма да таго ж пагрозы нібыта адрасаваныя нейкаму «Мірону», а не Яну Дзяржаўцаву, хаця й даслалі іх на ягоную хатнюю адрэсу.

Ян Дзяржаўцаў не бярэцца патлумачыць, чаму аўтары лістоў звяртаюцца да яго ды іншых актывістаў як да легендарнага Мірона. І аргумэнты міліцыянтаў яго не пераканалі, таму ён зьвярнуўся са скаргай у вышэйшую інстанцыю — у абласную пракуратуру.

Абласная пракуратура пачала ўсё спачатку: скіравала правяраць выкладзеныя факты супрацоўніка Першамайскага РАЎСу Віктара Харытановіча. Ён запісаў паказаньні ўсіх чатырох атрымальнікаў лістоў, прычым якраз назаўтра пасьля таго, як быў зьбіты сын Яна Дзяржаўцава.

Ці будзе заведзеная крымінальная справа супраць тых, хто пагражаў актывістам, пакуль невядома.

Тым часам Ян Дзяржаўцаў рыхтуе ў пракуратуру яшчэ адну заяву — пра тое, што пасьля пагрозаў нявысьветленых і непакараных асобаў пацярпеў ягоны сын.

У заяве ён падкрэсьлівае, што ў лісьце ад імя Віцебскай філіі РНЕ было напісана: «Калі ты яшчэ раз вывесіш у нашым горадзе сваю бел‑чырвон‑белую анучу, мы цябе пакараем». А ягоны сын быў зьбіты літаральна праз паўтары гадзіны пасьля таго, як у Віцебску чарговы раз зьявіўся бел‑чырвон‑белы сьцяг — гэта таксама здарылася позна ўвечары 29‑га кастрычніка.

За апошнія паўтара году лісты з пагрозамі ад імя мясцовай філіі РНЕ атрымалі старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залеская, рэдактар недзяржаўнай газэты «Витебский курьер» Уладзімер Базан і кіраўніца літаратурнага аддзелу тэатру «Лялька» Вікторыя Дашкевіч.Усе яны зьвярталіся з заявамі ў міліцыю, пракуратуру і нават КДБ. Аднак ніводнай крымінальнай справы гэтыя структуры так і не распачалі.

Радыё Свабода

***

Пры выхадзе з пад’езда збіты актывісты магілёўскай суполкі «Моладзь БНФ» Алесь Анісімаў і Канстанцін Яўсееў.

— Мы выйшлі з пад’езду вечарам, разам з Алесем, — распавядае Косця. — На двары стаяла блізу 15 чалавек. Гэта былі здаровыя хлопцы, ўзростам не менш 25 год. Не паспелі мы зрабіць і аднаго кроку, як некаторыя з іх накінуліся на нас і пачалі нас збіваць. Білі ў асноўным па нырках і рэбрах.

Ад невядомай кампаніі хлопцы здолелі выратавацца толькі бегствам.

Перад тым як выйсці з пад’езду, хлопцы па тэлефоне дамаўляліся аб наступнай сустрэчы са сваімі сябрамі на адным з апазіцыйных офісаў.

Зараз яны вырашаюць што рабіць: расцэньваць гэты выпадак як запужванне і палітычны пераслед, ці проста як звычайнае хуліганства пэўных асобаў?

Вітоль Няўрыда, BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0