Пасля анексіі Крыма паўвостраў апанавалі расейцы з суседніх рэгіёнаў, якія скупляюць танныя тавары ў мясцовых крамах.
Пра гэта паведамляе сайт «Крым.Рэаліі».
Попыт на крымскія тавары звязаны з адчувальнай розніцай у кошце, паколькі ў Расійскай Федэрацыі кошт прадуктаў, адзення і абутку, будматэрыялаў значна вышэй.
Як адзначае сайт, асабліва адчувальная розніца ў кошце і якасці алкагольных і тытунёвых вырабаў — дзеля іх жыхары Кубані не лянуюцца пераадолець на пароме Керчанскі праліў. Мясцовых жыхароў падобныя «шоп-туры» не радуюць:
крымчане ўжо сутыкнуліся з новай рэальнасцю, у якой практычна штодня даражэюць тавары.
Не хаваюць свайго расчаравання і пенсіянеры. «Аказалася, што кошты ў нас на некаторыя прадукты ніжэй, у тым ліку мяса, на будматэрыялы — таксама. Вязе Кубань адсюль усе, што можна. А ў нас — цэны істотна падскочылі! Тавары з таго боку прывозяць, а яны даражэй! Неяк гэта ўсё няправільна», — пішуць на мясцовых форумах.
Мясцовыя жыхары наракаюць, што калі так і далей пойдзе, то ўсе павелічэнні ў выплатах на 25-50% як раз і ўраўняюць цэнавую розніцу.
«І тады абяцанае павелічэнне пенсіі і заробкаў у разы не стане павелічэннем, а проста зраўняецца з мацерыковым», — адзначаюць на крымскіх форумах.
Акрамя таго, турботы крымчанам дадае і курс даляра, з-за якога рэзка выраслі цэны на будматэрыялы, бытавую тэхніку і іншыя тавары, і курс рубля, які ўвесь час змяняецца ў абменных пунктах і на цэнніках у крамах. У той жа час, павышэнне пенсій і заробкаў адбываецца вельмі павольна, адзначаюць мясцовыя жыхары.