Прэс-сакратар сацыяльнай сеткі «Вконтакте» Георгій Лобушкін пацвердзіў тэлеканалу «Дождь» інфармацыю пра тое, што генеральны дырэктар кампаніі Павел Дураў сышоў са сваёй пасады.

Раней 21 красавіка аб звальненні Дурова паведаміла агенцтва РБК са спасылкай на выканаўчага дырэктара «Вконтакте» Дзмітрыя Сяргеева.

Як паведамлялася, заснавальнік і гендырэктар сацсеткі напісаў заяву аб звальненні 21 сакавіка. Ён паведаміў пра гэта 1 красавіка, а пазней назваў гэта першакрасавіцкім жартам. Аднак, па словах Сяргеева,

сваю заяву Дураў не адклікаў. У сувязі з гэтым праз 30 дзён менеджмент кампаніі прыняў рашэнне аб яго звальненні.

У студзені стала вядома, што Дураў прадаў сваю долю ў сацсетцы.

Па звестках СМІ, здзелка была заключаная ў снежні 2013 года. Уладальнікам акцый заснавальніка сацсеткі стаў Іван Таўрын - гендырэктар «Мегафона» і суўладальнік (разам з Алішэрам Усманавым) тэлевізійнага холдынгу ЮТВ.
Як распавёў тады Дураў, апошнія некалькі гадоў ён «актыўна пазбаўляўся ад уласнасці < …>, ад мэблі і рэчаў да нерухомасці і кампаній», і «да дасягнення ідэалу» яму заставалася прадаць 12-працэнтную долю ў сваёй кампаніі.

Пазней ён заявіў, што быў вымушаны прадаць акцыі з-за таго, што ФСБ аказвала на супрацоўнікаў сацсеткі ціск пасля адмовы раскрываць інфармацыю пра стваральнікаў груп, прысвечаных пратэстам ва Украіне, а таксама блакаваць антыкарупцыйную групу Аляксея Навальнага.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?