Амбасадар Сурыкаў раз-пораз становіцца ў нас ньюсмэйкерам. І гэта толькі падкрэсльлівае ступень залежнасьці Менску ад Масквы.

Памятаеце, які скандальны розгалас выклікала заява амбасадара пра магчымасьць паставіць тут іхныя ядравыя ракеты? Усхадзіліся, бо палічылі варыянт цалкам рэальным. Прычым тут нібыта і рукі выкручваць ня трэба: Менск сам навязвае паслугі што да асымэтрычнага адказу нахабным янкі:)

Зрэшты, як і транзытныя паслугі. Але Масква не вядзецца на магчымыя зьніжкі, бо ўжо ведае сапраўдны кошт беларускага сэрвісу. Сёньня пацьвердзілася: нядаўняе абяцаньне расейскага прэм'ера Зубкова "падумаць" наконт пракладкі другой ніткі "Ямала — Эўропы" было толькі дыпляматычным ходам. Не хацелася азмрочваць гаспадарам настрой падчас першага замежнага візыту. Зараз жа вуснамі Сурыкава дадзены недвухсэнсоўны адказ: “Расея зрабіла свой выбар, пачаўшы будаваць газаправод “Nord Stream” цераз Балтыйскае мора на Захад”.

Сапраўды, праца там ужо кіпіць: вялікі сюжэт пра гэта акурат апошнімі днямі круціць "Эўраньюс". Праект амбіцыйны і дарагі. Беларускае кіраўніцтва цалкам слушна кажа, што другая нітка цераз нашу тэрыторыю абышлася б у некалькі разоў таньней. Але яшчэ болей слушная для Масквы іншая тэза беларускага кіраўніка: нашыя стасункі надоўга атручаныя газам.

Дадамо: і запэцканыя нафтай. Многія, напрыклад, забыліся ўжо, як у студзені ў імпэце нафтагазавай вайны нашыя дзеячы дадумаліся выклікаць пазовам у гомельскі суд уладальніка "Транснафты" Сямёна Вайнштока. Забыліся многія, але не Вайншток. З тае пары ён лабіюе (і фактычна прабіў ўжо праз свой урад) праект нафтавай трубы Унеча — Прыморск (БТС-2) з крутым абыходам нашай тэрыторыі.

Канешне, у Маскве таксама не анёлы, але відавочна, што і элемэнтарная недамоваздольнасьць менскіх таварышаў пілуе той транзытны сук, на якім сядзіць Беларусь.

З заяваў Сурыкава таксама вынікае, што чаканага крэдыту Масква сёлета можа і ня даць. А гандаль адносна цаны газу лічыць непатрэбным. Усё, маўляў, вызначыць формула.

"Калі падпісвалі, бакі сыходзіліся на пункце гледжаньня, што ў іх аднолькавае стаўленьне да гэтай формулы і яе чытаньня. Цяпер пачалі чухаць патыліцы. Тады ня трэба было падпісвацца", — заявіў амбасадар.

Між тым пачухаць патыліцу прымушаюць і заявы самога Сурыкава. Нядаўна ўсе растыражавалі ягоны ўпэўнены прагноз наконт 125 даляраў, цяпер жа дыплямат "адумаўся" і загаварыў пра дыяпазон $120-150. Карацей, выглядае на тое, што насамрэч формула гумавая, і цалкам магчымы палітычны каэфіцыент.

Самай жа інтрыгоўнай для аматараў гадаць на кававай гушчы:) падаецца заява Сурыкава пра магчымую сустрэчу Пуціна з Лукашэнкам у сьнежні.

Гіпотэзу наконт фарсаванай пабудовы "саюзнай дзяржавы" дзеля палітычнага працаўладкаваньня расейскага лідэра можна адкінуць з шэрагу прычынаў. Іх аналіз — асобная вялікая тэма. У двух словах: 1) тэхнічна мала часу; 2) Пуцін ня мае недахопу ў варыянтах; 3) малаімаверна, каб Крэмль быў гатовы вылучыць умовы, ад якіх немагчыма адмовіцца.

Сэнсацыі найхутчэй што ня будзе. Магчыма, усё ўвогуле абмяжуецца рытульным паседжаньнем Найвышэйшай дзяржрады "саюзнае дзяржавы", на якім належыць зацьвердзіць кіраўніка "саюзнага ўраду". Рытуальнасьць не выключае эканамічнага ціску Масквы за кулісамі (замова на пабудову АЭС, продаж нафтахіму і г.д.). Вагаром стане, у прыватнасьці, сакрамэнтальнае пытаньне цаны на газ, якое акурат яшчэ будзе ў падвешаным стане. Вось вам і ўся "тэхнічная формула"!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?