Нас зноўку затрымалі — мяне і маю сяброўку. Мы вешалі сінія стужачкі, па‑свойму рыхтуючыся да «Эўрапейскага маршу». Праз пэўны час каля нас спыніўся BMW. У ім знаходзіўся міліцыянт, які вяртаўся дадому і выпадкова пабачыў нас. Опэр праявіў ініцыятыву, затрымаў маладых Бін Ладэнаў (некаторыя начальнікі нас так празвалі) і выклікаў нарад міліцыі.

На тварах некаторых міліцыянтаў зьявілася непадробная радасьць, калі нас прывезьлі ў пастарунак, — іх даўно хвалявала пытаньне, хто абляпіў увесь горад налепкамі і ўлёткамі. Злавілі — можна будзе здаць справаздачу Менску. Сумныя твары звычайных шарагоўцаў міліцыі — зноў бессэнсоўнай працы дадалося.

У РАУСе, куды нас адразу адвезьлі, я ў каторы раз пераканаўся ў амаральнасьці сыстэмы, якая ўсталявалася ў краіне. Я хвалю Бога за тое, што я па‑за гэтай сыстэмай, што ўва мне засталося яшчэ крышачку свабоды. У пастарунку пачалі гутарку зь міліцыянтамі, і гэта былі не звычайныя разводы, а шчырая размова.

Кажу: «Не народ гэта, а статак паслухмяных авечак, калі ўжо ў студэнтаў забіраюць ільготы, адключаюць інтэрнэт, цалкам абмяжоўваюць правы ва ўнівэрсытэце, а яны маўчаць. Шапочуць паміж сабой і ўсё чакаюць, калі хтосьці прыйдзе й іх выратуе».

«У нас таксама забіраюць ільготы, — нечакана ўваходзіць у давер лейтэнант. — Павялічваюць тэрмін службы, пэнсія скарачаецца, за мяжу выехаць немагчыма, нават бясплатны праезд у транспарце адбіраюць. Ці не маразм?»

«А яшчэ забаранілі паліць падчас працы, — падтрымлівае размову іншы. — Усюды, нават у месцах для паленьня».

«А я ўжо два гады выбіваю сабе пакой у інтэрнаце. У мяне жонка і дзіця. Не даюць нават пакой, а што казаць пра кватэру. Хіба можна на заробак у 700 000 набыць кватэру? Калі?»

Не чакаў такой размовы. Мы паступова перайшлі да праблемаў грамадзтва, і пры гэтым міліцыянты цалкам падтрымлівалі мяне…

Прайшло гадзіны чатыры з моманту затрыманьня, ніхто ня ведае, што з намі рабіць. Я сяджу ў невялічкім пакоі пастарунку, і мне здаецца, што пра нас увогуле забылі, але пры гэтым надзеі на хуткае вызваленьне згасаюць. У пакой заходзіць сумны, знэрваваны старшына й кажа: «Вось, начальнікі загадалі, каб я складаў пратакол, нібы ты нецэнзурна лаяўся. Ведаючы, што ты гэтага не казаў, пасьля нашай шчырай размовы я не магу гэтага зрабіць. Як быць?»

Міліцыянт шукаў адказу ў мяне.

Ён ня склаў пратакол. Знайшліся іншыя, але й у тых сьціскалася сэрца, а да мяне даляталі асобныя выразы: «так болей немагчыма», «хутчэй бы на пэнсію», «можа, пойдзем, братка, у апазыцыю?»

Прыйшоў новы дзень. Час суду. Усе міліцыянты, зь якімі я меў напярэдадні размову, пагадзіліся з нашым «брыдкаслоўем». Пэўна, цяпер іх хвалявала свая сям’я, праца, параўнальна неблагі заробак, дзеля якіх яны маглі ахвяраваць свабодай дваіх незнаёмых ім моладзевых актывістаў.

Думаючы пра тое, што адбывалася ў трыццатыя гады, я часта задаю сабе пытаньне: чаму тады простыя людзі пагаджаліся расстрэльваць братоў і сясьцёр? Ці могуць амапаўцы, якія разганяюць масавыя народныя дэманстрацыі, пачаць страляць у свой народ? Мне зразумелая сумная рэчаіснасьць — яны могуць гэта зрабіць, бо іх усіх у першую чаргу хвалюе уласны лёс: здароўе, дабрабыт і гэтак далей. Іх будзе зьядаць сумленьне, але яны будуць шукаць апраўданьне сваім учынкам, бо ўсе мы ня звыклі судзіць сябе, а шукаем сабе апраўданьні і заўсёды даруем сабе. І яны апраўдваюцца перад сабою: «Мы не вінаватыя — нам загадалі».

Юрка Бакур, Берасьце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0