Самага павярхоўнага погляду на беларускую палітыку досыць, каб зразумець, якое вялікае месца займае ў ёй спорт, які значны ўплыў на нашае жыцьцё маюць дасягненьні выбітных беларускіх спартоўцаў. Так, вяртаньне Максіма Мірнага ў першую сотню найлепшых ракетак сьвету натхніла паэтку Марыю Мартысевіч на зьмешчаны ніжэй верш. Прачытаўшы яго, я таксама глыбока задумаўся пра беларускі спорт, прычым — пра значнасьць і прыярытэтнасьць яго калектыўных, камандных відаў. Таму тое, што вы прачытаеце ніжэй, ёсьць супольным паэтычным праектам і прысьвечана менавіта парнаму тэнісу. Мы з маёй суаўтаркай прапаноўваем усім беларускім паэтам далучыцца да праекту «Парны тэніс» — разьбіцца на пары і напісаць па пары вершаў, так ці іначай зьвязаных між сабою, і тым самым узяць удзел у стварэньні новага, калектыўнага, каманднага віду паэзіі. (Магчыма, з часам такую забаву ўключаць у праграму алімпійскіх альбо паралімпійскіх гульняў.) Зусім не абавязкова пісаць менавіта пра тэніс, ёсьць шмат іншых сацыяльна значных тэмаў, якія дазволілі б нашым маладым паэтам выканаць свой грама¬дзянскі абавязак перад маладой беларускай дзяржавай.
Марыя Мартысевіч. Мірны‑хоп
- І ўвесь сёньняшні вечар з вамі на корце — Макс Мірны.
Рукі ягоныя — золата, пот яго — ладан і сьмірна.
- Прэс ягоны — тымпан, ногі яго — кіпарысы.
Водар навокал — сандал, што з чрэслаў ягоных выпарыўся.
- Грудзі ягоныя — узвышшы гарналыжнага комплексу «Сілічы».
У першых радах манэжу — людзі, якіх ён вылечыў,
- Вогнішчы зь іхных мыліцаў гараць у славу яму.
Позірк ягоны ваду зараджае і дасьпявае хурму.
- Падача яго — кубамэтар газу ў беларускія вёскі…
…І семдзесят пяць адсоткаў нябёсных анёлаў пяюць песьні боскія,
- І хірургі вяртаюць хабар, і бясплатна возяць таксісты,
І школьнікі на экскурсіях шыхтуюцца парамі, як тэнісісты,
- І школьнікі са скаліёзам перастаюць сутуліцца,
І Дэвіс п’е піва з кубка проста на вуліцы,
- І ўсе міс краіны спружыняць сьпінамі, нібы пантэры,
І маладыя сем’і знаходзяць у чыпсах крэдыт на кватэры,
- І бэтэ трансьлюе ўручэньне Нобля ў простым этэры,
І спадарожнікі не выбухаюць больш у стратасфэры,
- Калі ён выходзіць на хуткае пакрыцьцё,
Імгненны, як сьмерць, прыўкрасьнейшы за жыцьцё.
***
Андрэй Хадановіч. Мікст
- Зьбіраючы пары ў каўчэг, капітан быў, відаць, у сасіску —
інакш запрасіў бы на борт беларускага тэнісіста і тэнісістку.
- На гэтай зямлі кожны сам за сябе, у сваёй пэрсанальнай аблудзе,
а мірныя беларусы гавораць: «мы — парныя людзі!»
- Сусьвет на краі, ды яна — аптымістка, і ён — аптыміст,
бо прывідна ўсё ў гэтым сьвеце, і ёсьць толькі мікст.
- Хай некаму хочацца ўсунуць два пальцы й даўжэй не вымаць іх з разэткі,
ды ўсім, хто гаворыць, што выйсьця няма, яны кажуць, што ёсьць, і выходзяць да сеткі.
- Ён ня beauty і яна ня beauty,
паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
ды калі яны ў пары,
яны робяць удары,
якіх не відаць на радары!
- Зірнуўшы на іншы бок корту са шкадаваньнем і лёгкай агідаю,
ён падае і выходзіць да сеткі, нібыта нерат закідвае.
- Ён падае другую падачу й выходзіць да сеткі наперад,
нібыта другі раз закідвае нерат.
- Ён бы і трэці закінуў — і шчэ невядома, што ў нерат бы трапіла,
калі б ворагі не ўвялі супраць трэцяй падачы падступнае правіла.
- Яго мячык — як муха, што на ляту набывае вагу слана,
асабліва калі ў кароткай сукенцы зь ім побач на корце яна.
- Ён ня beauty і яна ня beauty,
паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
ды калі яны ў пары,
яны робяць удары,
якіх не відаць на радары!
- Хай зараз мільёны экранаў паказваюць іх паразу,
мільёны пасьвечаных ведаюць: цуд не прыходзіць адразу.
- І голуб апусьціцца зь неба, нібы да каўчэга, і захвалююцца сьведкі,
убачыўшы мячык для трэцяй падачы, — і нашы зноў выйдуць да сеткі.
- У гэтай гульні не бывае канца, кожны ўдар — гэта новы пачатак,
і, паглядзеўшы на корт, нашы мальцы іначай глядзяць на дзяўчатак.
- І, ловячы позірк, дзяўчынка абуджаецца ад зімовае сьпячкі.
Хоць мама гаворыць: «няма чаго тут лавіць», яна ловіць і прыносіць хлопчыку мячыкі.
- Ён ня beauty і яна ня beauty,
паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
ды калі яны ў пары,
яны робяць удары,
якіх не відаць на радары!