Беларускія каталікі здзяйсняюць паломніцтва ў Рым, дзе 27 красавіка пройдзе цырымонія кананізацыі Яна Паўла II.

«Групы беларускіх паломнікаў ўжо адправіліся ў Рым. Гэта некалькі сотняў вернікаў. Усе групы суправаджаюць святары», — паведамілі ў сераду ў прэс-службе Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.

Там таксама паінфармавалі, што «афіцыйную дэлегацыю, якая будзе прысутнічаць на дадзеным мерапрыемстве, ўзначаліць мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч — ён адправіцца ў Ватыкан 25 красавіка».

У прэс-службе паінфармавалі, што прамой трансляцыі з цырымоніі кананізацыі для Беларусі не будзе.

У сваю чаргу ў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё агенцтву распавялі, што «трансляцыя кананізацыі благаслаўлёных Яна XXIII і Яна Паўла II, якая пройдзе на плошчы св. Пятра 27 красавіка 2014, будзе адбывацца ва ўсіх кутках свету, дзякуючы сумеснай ініцыятыве Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра і шэрагу кампаній».

«Прамая трансляцыя з плошчы св. Пятра будзе ажыццяўляцца ў 500 кінатэатрах свету. У многіх з іх — у высокай якасці і 3D вымярэнні. Уваход на прагляд цырымоніі кананізацыі будзе бясплатны», — паведамілі суразмоўцы агенцтва.

Там ўдакладнілі, што «самая вялікая колькасць кінатэатраў, якія пажадалі прыняць удзел у ініцыятыве, знаходзіцца ў Італіі і ЗША — больш за 100 кінатэатраў у кожнай з гэтых краін». «Таксама трансляцыі пройдуць у гарадах Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Ірландыі, Іспаніі, Аргенціны, Бразіліі, Чылі, Калумбіі, Мексікі, Уругвая і Лівана», — адзначылі ў рэдакцыі.

Паводле яе інфармацыі, «у краінах Усходняй Еўропы трансляцыя будзе арганізавана ў кінатэатрах Польшчы, Чэхіі, Харватыі і Босніі і Герцагавіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?