Карэя — Паўднёвая, а не Паўночная, вядома — адзін з лідараў у сусветных рэйтынгах па сярэдняй адукацыі. У Еўропе найлепшыя школы — у Фінляндыі. А ў Азіі — у Карэі. Мы пагутарылі з другім сакратаром пасольства Карэі ў Мінску спадаром Ку Бон Ілем аб сакрэце поспеху карэйскай адукацыі.
«Наша Ніва»: Якія рэформы і калі праводзіліся ў карэйскай сістэме адукацыі?
Ку Бон Іль: З адкрыццём карэйскіх партоў у канцы ХІХ ст. пачалася палітыка «адчыненых дзвярэй», гэта адбілася і на сістэме адукацыі. Складаючы з іншымі краінамі свету дамовы аб гандлі, карэйскі ўрад судакранаўся з развітой цывілізацыяй Захаду, што дало кіраўнікам краіны і першапраходцам імпульс да пачатку руху па ўкараненні сучаснай адукацыі.
Да 1910 года агульная колькасць прыватных навучальных устаноў па ўсёй краіне, у тым ліку 796 хрысціянскіх школ, дасягнула амаль 3-х тысяч.
Пасля вызвалення ад японскага каланіяльнага панавання 15 жніўня 1945 намаганні карэйскага інстытута адукацыі ішлі на тое, каб знайсці такі курс у нацыянальным навучанні, які б не проста слепа пераймаў ідэі з Захаду, а служыў фарміраванню новага грамадскага парадку шляхам перабудовы існуючай сістэмы з улікам наватарскіх заходніх канцэпцый.
З пачаткам Пятай Рэспублікі шляхам рэалізацыі рэформы ў сістэме адукацыі 30 ліпеня 1980 быў прыняты шэраг важных мер, такіх, як скасаванне індывідуальных заняткаў з рэпетытарамі, змена сістэмы адзнак у вышэйшай школе, укараненне сістэмы паступлення ва ўніверсітэты на аснове вынікаў дзяржаўных экзаменаў, увядзенне сістэмы 4-гадовага навучання ў педагагічных навучальных установах.
З моманту атрымання незалежнасці і да цяперашняга часу сферай, на якую ўрад зрабіў найбольшы акцэнт, з'яўляецца пачатковая адукацыя: была ўведзеная праграма абавязковага шасцігадовага навучання, такім чынам за пачатковай адукацыяй замацаваўся прынцып абавязковасці і бясплатнасці.
«Асноўны закон аб адукацыі» 1998 года абвяшчае: «Кожны грамадзянін мае права на атрыманне абавязковай адукацыі, якое ўяўляе сабой 6 гадоў навучання ў пачатковай школе і 3 гады — у сярэдняй. У залежнасці ад фінансавай сітуацыі ў краіне абавязковае 3-гадовае навучанне ў сярэдняй школе ажыццяўляецца ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта».
«НН»: Якая сістэма паступлення ў карэйскія ўніверсітэты?
КБІ: Цяпер у Карэі навучанне ў пачатковай школе доўжыцца 6 гадоў, у сярэдняй — 3 гады, у вышэйшай —3, ва ўніверсітэце —4, то бок па сістэме 6-3-3-4.
У Беларусі да паступлення ва ўніверсітэт працэс навучання праходзіць у адным месцы, у Карэі ж пачатковая, сярэдняя і вышэйшая школы функцыянуюць асобна, са сваімі ўступнымі і выпускнымі экзаменамі.
Сучасная карэйская сістэма паступлення ва ўніверсітэт прадугледжвае, што навучэнец вышэйшай школы для паступлення ва ўніверсітэт у першую чаргу здае экзамен на здольнасць да навучання ў вышэйшай навучальнай установе (складаецца найперш з заданняў па карэйскай і англійскай мове, матэматыцы, а таксама прадметах на выбар абітурыента, здаваць можна раз на год). Да гэтага экзамена вучні рыхтуюцца цэлы год.
Таксама пад увагу бяруцца і такія важныя фактары, як высокія адзнакі ў рэгістры школьнага жыцця.
Рэгістр школьнага жыцця, ці, як яго яшчэ называюць, вучнёўская ведамасць, справаздача аб паспяховасці, уяўляе сабой журнал, у якім фіксуецца разнастайная інфармацыя пра школьнае жыццё вучня. Справаздача аб паспяховасці дзеліцца на «дысцыплінарную» і «недысцыплінарную». «Дысцыплінарная справаздача» складаецца на падставе рэйтынгавай сістэмы ацэнкі ведаў, а ў аснове «недысцыплінарнай справаздачы » ляжыць інфармацыя аб грамадскім жыцці, атэстат, сертыфікацыі валодання англійскай мовай, узнагароды і дасягненні.
Планавы набор у ВНУ ажыццяўляецца пасля абвяшчэння вынікаў «экзамену на здольнасць да навучання ў ВНУ». Планавы набор прадугледжвае класіфікацыю навучальных устаноў па групах (ка-гун, на-гун, та-гун), такім чынам, агулам можна здаваць уступныя экзамены ў тры ВНУ. Кожны ўніверсітэт адбірае студэнтаў на падставе сумарных вынікаў «экзамена на здольнасць да навучання ў ВНУ», дадзеных з «рэгістра школьнага жыцця», а таксама ўласных уступных экзаменаў.
«НН»: Ці вялікія заробкі ў настаўнікаў і выкладчыкаў універсітэтаў?
КБІ: Настаўнікі пачатковай, сярэдняй і старэйшай школы ў Карэі атрымліваюць заробак, які адпавядае заробку карэйскага чыноўніка, у залежнасці ад стажу працы ён можа павялічвацца. Так, па неафіцыйных дадзеных, гадавы аклад мужчыны, які выкладае карэйскую мову, англійскую мову або матэматыку са стажам працы 5—6 гадоў з улікам розных надбавак складае каля 40 тысяч даляраў у год.
Гадавы аклад прафесара ўніверсітэта ў залежнасці ад узроўню яго дасягненняў і асабістых здольнасцяў, а таксама зыходзячы з таго, прыватны ці дзяржаўны ўніверсітэт з'яўляецца месцам яго працы, што істотна ўплывае на памер акладу, складае каля 70 тысяч даляраў.
«НН»: Якія прадметы вывучаюцца ў школах?
КБІ: У пачатковай школе вывучаецца карэйская мова, англійская мова, этыка, грамадазнаўства, матэматыка, прыродазнаўства, фізкультура, мастацтва.
У сярэдняй школе — карэйская мова, англійская мова, этыка, грамадазнаўства, матэматыка, прыродазнаўства, працоўнае навучанне, фізкультура, музыка, выяўленчае мастацтва.
У старэйшай школе да прадметаў дадаецца вывучэнне гісторыі.
Акрамя вышэйзгаданых абавязковых дысцыплін ёсць і факультатыўныя: кітайская іерогліфіка, інфарматыка, ахова навакольнага асяроддзя, медыцына, другая замежная мова, а таксама рознага роду практычныя заняткі і грамадская дзейнасць.
«НН»: Ці шмат увагі надаецца вывучэнню англійскай мовы?
КБІ: У нашай краіне англійская мова ў пачатковай школе ў асноўным пачынае выкладацца з 3 класа. У год агульная колькасць абавязковых гадзін англійскай мовы для 3—4 класаў пачатковай школы складае 45 гадзін за год, для 5—6 класаў — 68 гадзін, для сярэдняй школы — 85 гадзін.
Акрамя таго, з-за павальнага жадання бацькоў у Карэі навучаюць дзіця англійскай мове з самага дзяцінства, актыўна ўводзіцца практыка выкладання такіх прадметаў, як грамадазнаўства і прыродазнаўства, на англійскай мове ў дадатак да рэгулярных заняткаў.
Агульная колькасць гадзін для заняткаў англійскай мовай у 40 прыватных пачатковых школах Сеула ў 2013 годзе склала 1341 гадзін, а ў дзяржаўных пачатковых школах —340 гадзін, і сведчыць аб існаванні значных адрозненняў паміж дзяржаўнымі і прыватнымі школамі. Гэтыя адрозненні, зразумела, прыводзяць да празмернага распаўсюджвання прыватнага рэпетытарства ў дадатак да рэгулярных і факультатыўных заняткаў, што вя-дзе да росту сацыяльных праблем.
У якасці другой замежнай мовы ў сярэдняй і старэйшай школе найбольшай папулярнасцю карыстаюцца нямецкая, французская, іспанская, японская, руская і арабская мовы.
«НН»: Колькі гадзін у дзень займаюцца карэйскія школьнікі?
КБІ: У Карэі колькасць афіцыйных навучальных дзён у годзе складае 190 дзён, што, выключаючы некалькі краін-удзельніц Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця з меншай колькасцю дзён (ЗША — 180, Японія — 175, Францыя — 175-180, Беларусь — 175), з'яўляецца сярэднім паказчыкам сярод большасці краін.
1) Пачатковая школа — 1, 2 класы: 560 гадзін за год;
3—4 класы: 657 гадзін;
5—6 класы: 725 гадзін.
2) Сярэдняя школа: 841 гадзін.
3) Старэйшая школа: 963 гадзіны.
«НН»: Ці шмат адлічваюць людзей з універсітэтаў?
КБІ: У карэйскіх універсітэтах уведзена сістэма папярэджанняў. У Сеульскім нацыянальным універсітэце ў выпадку атрымання студэнтам менш чым 1,7 крэдыта (адзнака 4) ці наяўнасці больш чым па трох дысцыплінах адзнакі F (найніжэйшая), ён атрымлівае папярэджанне. Калі назапашваецца 4 такія папярэджанні, студэнт выключаецца з навучальнай установы і паўторна паступіць ва ўніверсітэт мае права толькі праз год. Пасля паўторнага паступлення ва ўніверсітэт і атрымання яшчэ 2 папярэджанняў, паступіць зноў студэнт ужо не можа. У дадатак да дрэннай паспяховасці ёсць і іншыя прычыны, па якіх студэнт можа пакінуць навучальную ўстанову. Ёсць выпадкі, калі студэнт, пачаўшы ў перыяд навучання працаваць, вырашае, што вучоба яму не патрэбна і кідае яе. У 2012 годзе ў Сеульскім нацыянальным універсітэце колькасць студэнтаў, якія пакінулі ўніверсітэт па прычыне адлічэння або па ўласным жаданні, дасягнула лічбы 141 чалавек. Улічваючы той факт, што ў 2012 годзе колькасць людзей, якія паступілі ва ўніверсітэт, склала 3596 чалавек, працэнт тых, хто пакінуў вучобу, склаў 3,59 %.
* * *
Навучальны год
дзеліцца на два семестры. Першы — ад сакавіка да сярэдзіны ліпеня. Другі — з канца жніўня да сярэдзіны лютага.
Плата за навучанне
Пачатковая і сярэдняя школы бясплатныя, а вось вышэйшая — платная. Тым не менш, у яе ідзе вучыцца больш за 90% школьнікаў. Навучанне ва ўніверсітэтах таксама вядзецца толькі за грошы. Але ёсць сістэма грантаў для паспяховых вучняў.