2 лістапада, у дзень традыцыйнага памінання нябожчыкаў, кіраўнікі місій Еўрапейскага Саюза ў Мінску, іх сем’і і іншыя чальцы дыпламатычнага корпусу ўскладуць кветкі і запаляць свечкі ва ўрочышчы Курапаты — адным з месцаў масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Як адзначаецца ў паведамленні амбасады Славацкай Рэспублікі, якая выконвае функцыі мясцовага старшынства ЕС, «гэтым ціхім успамінам дыпламаты ушануюць 70‑ю надавіну піку рэпрэсій супраць бязвінных беларусаў, палякаў, рускіх, яўрэяў і людзей іншых нацыянальнасцяў Беларусі, якія страцілі свае жыцці або пераследваліся ў ХХ стагоддзі, аддаўшы таксама даніну памяці сваім родным нябожчыкам».