Барадаты баявік, які неаднаразова ўсплываў на фатаздымках з Усходу Украіны, з'яўляецца расіянінам Аляксандрам Мажаевым.
Пра гэта піша журналіст Time Сайман Шустэр, перадае ТСН.
Журналіст пабываў у палоне сепаратыстаў у Славянску і змог пагутарыць з барадатым баевіком, якога прарасейскія байцы называюць «Бабаем».
Падчас інтэрв'ю Мажаеў паказаў свой пашпарт, згодна з якім ён прыехаў ваяваць ва Украіну: спачатку ў Крым, а потым на Данбас, — з Краснадарскага краю.
Яго прапіска паказвае, што ён жыве ў горадзе Беларэчанск.
Па словах Мажаева, ён паехаў ваяваць у Украіну, бо ў Расеі яго шукае паліцыя за «спробу забойства нажом». Аднак падкупіць суддзю грошай не было. Так ён стаў наймітам.
Мажаеў адмаўляе, што служыў у ГРУ Расіі.
Па словах «Бабая», ён сапраўды служыў у расейскіх узброеных сілах. Але сышоў у запас у сярэдзіне 90-х гадоў. З таго часу ўваходзіў у «Воўчую сотню» казакоў у родным горадзе.
Журналіст Time паказаў Мажаеву фота, дзе ён быццам бы бярэ ўдзел у баявых дзеяннях у Грузіі.
«І я ніколі не быў у Грузіі, нават у адпачынку. Гэты на фота больш падобны на нейкага Усаму Бэн Ладэна», — запярэчыў баявік.
Удзел у сілавым захопе Крыма Мажаеў не адмаўляе. Паводле яго словаў, ён паехаў ладзіць хваляванні на Данбасе «ад няма чаго рабіць» і з-за нацыяналістычных перакананняў.
«Мы сядзелі і думалі, што рабіць далей. Тады мы вырашылі адваяваць яшчэ трохі першапачаткова расійскіх тэрыторый», — сказаў «Бабай».
У Славянску расійскага барадача-найміта наняў ўладальнік фабрыкі мыла і самаабвешчаны «народны мэр» Вячаслаў Панамароў.
Дзякуючы Можаеву і яшчэ некалькім баевікам з Беларусі, Казахстана, Расіі і іншых былых краін СССР, ён зладзіў хваляванні ў сваім горадзе. Па словах Панамарова, яму падпарадкоўваецца 2500 баявікоў.
Аднак найміты тыпу «Бабая» з іх складаюць некалькі сотняў. Сепаратысты просяць дапамогі ў Расеі, аднак Крэмль не спяшаецца ім дапамагаць. «Нам трэба зброя, разумееш? У нас сканчаецца ўсё, акрамя баявога духу», — сказаў Панамароў журналісту Time.