Затрыманыя ва Украіне двое грамадзян Беларусі з журналісцкімі пасведчаннямі, у тым ліку Сцяпан Чырыч, які здымаў сюжэт для тэлеканала НТВ, падазраюцца ў шпіянажы. Аб гэтым паведамляе інфармагенцтва УНІАН са спасылкай на намесніка кіраўніка — кіраўніка апарата Днепрапятроўскай абласной дзяржадміністрацыі Генадзя Корбана. 

Як раней паведамляася, Чырыч працуе прадзюсарам у расійскай «Першай прадзюсарскай кампаніі» («ППК»), якая займаецца вытворчасцю праграмы «Цэнтральнае тэлебачанне з Вадзімам Такмянёвым» для НТВ. Паводле інфармацыі сайта тэлеканала, 22 красавіка ён выехаў у горад Першатравенск Днепрапятроўскай вобласці, дзе па заданні рэдакцыі павінен быў зняць сюжэт пра візіт ва Украіну пратэстанцкага святара Боба Ларсана ў межах яго сусветнага турнэ. Беларус перастаў выходзіць на сувязь з рэдакцыяй 23 красавіка. 

Паводле слоў Корбана, затрыманне двух беларусаў адбылося недалёка ад горада Краснаармейска. У затрыманых былі знойдзены журналісцкія пасведчанні, тэхніка для фота- і відэаздымкі і флэш-карты, «на якіх былі сфатаграфаваны ўваходы і выхады, агароджа розных адміністрацыйных будынкаў», у тым ліку «будынкаў міліцыі і мясцовых саветаў у некаторых населеных пунктах Днепрапятроўскай і Данецкай абласцей», сказаў прадстаўнік адміністрацыі. 

Корбан падкрэсліў, што затрыманыя дастаўлены ва ўпраўленне СБУ Днепрапятроўска, вядзецца расследаванне. Паводле дадзеных УНІАН, у гутарцы з работнікамі ўкраінскіх спецслужбаў Чырыч заявіў, што прыбыў ва Украіну для здымак экзарцызму і працы царквы, а спецсродкі і камеру ў акулярах растлумачыў магчымасцю забароны здымак. Другі затрыманы расказаў, што Чырыч папрасіў яго дапамагчы ў здымках працы пратэстанцкага святара Боба Ларсана за 400 грыўняў у суткі. 

У сваю чаргу камандзір спецбатальона «Днепр» Юрый Бяроза паведаміў, што на зробленых журналістамі фатаграфіях няма царквы ці падзей у ёй, а паказаны райаддзелы міліцыі, мясцовыя адміністрацыйныя будынкі і ваенныя аб'екты на ўсходняй мяжы Днепрапятроўскай вобласці, у прыватнасці кропкі СПА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?