1 лістапада актывісты РГА «Перспектыва» падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 19 лістапада мітынга на плошчы Бангалор. Нагода ўсё ж тая — указ прэзідэнта №760, які з 1 студзеня 2008 года забароніць наймаць прадпрымальнікам работнікаў, акрамя сваякоў. І тых не больш за тры.
Як заявіў Рацыі лідэр «Перспектывы» Анатоль Шумчанка, улады па‑ранейшаму не прыслухоўваюцца да меркавання тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў.
Шумчанка лічыць, што чыноўнікі Міністэрства эканомікі і ўраду ствараюць такія ўмовы для дзейнасці прадпрымальнікаў, што можна нават казаць аб пагрозе эканамічнай бяспецы дзяржавы.
«Менавіта дзякуючы новым заканадаўчым актам ІП сыдуць у цень, дзяржава не далічыцца падаткаў, вырасце сацыяльная напружанасць, бо ІП будуць скарачацца, звальняць мноства людзей, што на іх працуе, спыняць бізнэс ці значана скароцяць яго».