Лідары краін вялікай сямёркі хутка дамовіліся накласці дадатковыя санкцыі на Расію. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Белага Дома.
Reuters.com
«Улічваючы неадкладную важнасць забеспячэння паспяховага і мірнага дэмакратычнага волевыяўлення на прэзідэнцкіх выбарах у Украіне, мы абавязаліся дзейнічаць неадкладна, каб узмацніць мэтавыя санкцыі і меры, якія прымусяць Расею заплаціць больш высокую цану за свае дзеянні», гаворыцца ў заяве.
G7 падтрымала Кіеў, адзначыўшы, што ўкраінская ўлада праявіла вытрымку падчас аперацыі ва ўсходніх абласцях краіны.
«Наадварот, Расія не распачала канкрэтных дзеянняў у адпаведнасці з Жэнеўскімі пагадненнямі», — адзначана ў заяве.
Расія працягвае нагнятаць напружанне ва Украіне заявамі і ваеннымі вучэннямі на мяжы з Украінай, якія выклікаюць усё большы неспакой, мяркуюць лідары G7.
Адзін з прадстаўнікоў Белага дома заявіў, што новыя фінансавыя абмежаванні могуць уступіць у сілу ўжо ў панядзелак.





