Як і ў Крыме ў канцы лютага і сакавіку, міліцыя бяздзейнічае. Верныя Украіны часткі СБУ, памежнікі і Унутраныя войскі або не могуць, або не маюць загаду ўжыць сілу супраць сепаратыстаў.

У адрозненне ад Крыма, у Данбасе Расія сутыкнулася з мацнейшым супрацівам з боку мясцовых украінцаў. Калі ў Крыме Расія ўзяла пад свой кантроль ключавыя аб'екты інфраструктуры за тры дні, 26—28 лютага, то ў Данбасе гэты этап расцягнуўся на месяц.

Але сцэнар той самы, і метады тыя ж.

Дзейнічае мясцовая «пятая калона». Яе падтрымлівае былы «Беркут». Штурмавікі з Расіі выконваюць ролю каталізатара, каб мясцовыя не баяліся.

Расія трымае войскі на мяжы і пагражае масавым уварваннем у выпадку ўжыцця сілы супраць сепаратыстаў. У выніку абвешчаная Кіевам «антытэрарыстычная аперацыя» звялася на нішто.

Захопліваюцца дзяржаўныя ўстановы і аб'екты інфраструктуры. Супраць патрыётаў Украіны разгортваецца тэрор. Бяруцца пад кантроль сродкі масавай інфармацыі. І ў такой атмасферы прызначаецца «рэферэндум». Няма нават ценю законнасці. Плебісцыт, да якога ў дэмакратычных умовах павінны рыхтавацца два месяцы, адбываецца па законах ваеннага часу і за тыдзень.

У Данбасе такі плануецца правесці 11 мая. Спяшаюцца, каб паспець да прэзідэнцкіх выбараў 25 мая.

Украінская адміністрацыя дэмаралізаваная і паралізаваная. У Данецкай вобласці выкрадзены ўкраінец, член выбарчай камісіі.

У Луганску ў нядзелю штурмавікі захапілі будынкі адміністрацый і сілавых структур. Міліцыя не аказала супраціву.

Закладнікі з АБСЕ працягваюць знаходзіцца ў руках сепаратыстаў. Захад працягвае калоць мядзведзя шпількай персанальных санкцый — Еўрасаюз у нядзелю заявіў аб пашырэнні санкцыйнага спісу на 15 прозвішчаў.

Кіеў працягвае рабіць гучныя заявы, але без рашучых крокаў.

Спікер Вярхоўнай Рады, в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што падзеі на ўсходзе краіны паказалі «бяздзейнасць, бездапаможнасць, а часам і злачынную здраду работнікаў праваахоўных структур у Данецкай і Луганскай абласцях».

«Гэта адна з галоўных прычын нізкай эфектыўнасці і малавыніковых дзеянняў ўкраінскіх сілавых структур па барацьбе з тэрарызмам. Гэта цяжка прызнаваць, але гэта сапраўды так. Пераважная большасць сілавікоў на ўсходзе не здольная выконваць свае абавязкі па абароне нашых грамадзян», — гаворыцца ў звароце А.Турчынава да ўкраінскага народа, апублікаваным на сайце Вярхоўнай Рады ў аўторак.

Спікер парламента адзначыў, што ў Данецку і Луганску ўжо прызначаныя новыя кіраўнікі СБУ. Праведзена поўная замена кіраўніцтва спецпадраздзялення « Альфа».

«Тыя падраздзяленні, якія без супраціву здалі свае ўпраўленні тэрарыстам, не могуць абараніць жыццё і бяспеку людзей і прыняць дзейсныя меры, каб спыніць тэрарыстычную пагрозу, павінны быць цалкам абноўлены», — падкрэсліў А.Турчынаў.

Каб сфармаваць абноўлены і дзейсны склад падраздзяленняў МУС і СБУ, в.а. прэзідэнта Украіны адзначае, што ўладзе «патрэбная дапамога ўкраінскіх патрыётаў, асабліва тых, хто пражывае на ўсходзе Украіны. У першую чаргу, гэта тычыцца Данецкай і Луганскай абласцей».

«Я таксама патрабую ад міністра ўнутраных спраў звольніць кіраўнікоў абласных упраўленняў унутраных спраў Луганскай і Данецкай абласцей. Будуць звольненыя ўсе прадстаўнікі сілавых структур на месцах, якія не здольныя выконваць свае прафесійныя абавязкі. Тыя так званыя «праваахоўнікі», якія здрадзілі Украіне і пачалі супрацоўнічаць з тэрарыстамі, будуць адказваць перад законам», — абяцае А.Турчынаў.

Прыцягнуць да адказнасці можна толькі там, дзе цэнтральная ўлада кантралюе і здольная пакараць. Калі міліцыя Луганска і Данецка настроілася на пераход пад расійскія штандары, то змяніць сітуацыю можа толькі ваенная аперацыя. На якую Расія адкажа яшчэ большым умяшаннем.

Пуцін у Мінску 29 красавіка трымаўся самаўпэўнена і працягваў спакушаць Захад магчымасцю ўрэгулявання сітуацыі на ўмовах Масквы.

Здаецца, што ў планах Масквы — выйграць час, каб стварыць і ўкамплектаваць нібыта самастойную «армію Данецкай народнай рэспублікі». З тым каб гэта яна, а не расійскія войскі захапілі ўсю Наваросію, а магчыма, і Кіеў. Грамадзянская вайна ва Украіне дазволіць Крамлю ўмешвацца ва ўнутраныя справы суседняй краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?