Шмат дзе па сьвеце раскіданыя памяткі па беларусах у выглядзе надмагільных камянёў ці безыменных магілак. У Аргентыне й Канадзе, у Кітаі й Новай Зэляндыі, Іране й Танзаніі, Аўстраліі й Францыі, ды шмат дзе яшчэ на пахавальных плітах можна прачытаць імёны беларусаў…
Месцы апошняга спачыну нашых суайчыньнікаў выглядаюць па‑рознаму: вялікія скульптурныя выявы, як некалі на магіле Алеся Марговіча ў Мюнхэне, ці простыя шыльдачкі, як на «цмэнтажы» польскага касьцёлу Андрэя Баболі ў Лёндане, дзе жаданьнем жонкі пахаваны попел праваслаўнага беларуса Паўла Асіповіча…
Раскіданыя беларускія магілы па сьвеце, як раскіданыя былі самі беларусы…
Ёсьць, праўда, месцы, дзе нашыя суайчыньнікі ляжаць у зямлі побач — адмысловыя беларускія могілкі: такія як у аўстралійскім Мэльбурне на Фоўкнэры, ці ў Нью-Джэрзі: як у Саўт‑Рывэры на беларускім могільніку царквы Сьв. Еўфрасіньні Полацкай ці на беларускай чыстцы гарадзкога могільніку Іст‑Брансьвіку (як жылі падзеленыя, так і пахаваныя на асобных могілках паваенныя беларускія эмігранты)…
Усе яны, такія далёкія й блізкія, чужыя й родныя — нашыя… дзе б яны не ляжалі зараз…
![]() Магіла грамадзкага дзеяча, афіцэра БКА Аркадзя Качана. Сыднэй (Аўстралія) |
![]() Магіла Алеся Салаўя на беларускай частцы могільніку Фоўкнэр у Мэльбурне (Аўстралія) Эпітафія: Але ня зьляжа ў цёмную магілу, жывы ад веку подых маладосьці |
![]() Мікола Нікан спачывае на могілках Фоўкнэр у Мэльбурне, побач з двума жонкамі. На магіле Ліды Нікан напісана: Любіла красы паўніню, / ішла напярэймы дню/ Хто дыхаў нязгаснай красой / Той вечна жыць будзе, бо зь ёй (Алесь Салавей) |
![]() Магіла Янкі Кудрука на могільніку Фоўкнэр. Мэльбурн (Аўстралія) Тут ляжыць цело маё, прах, я ўжо ў дома, а вы ў гасьцях |
![]() Беларуская частка могілак у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША). Заснаваныя ў 1950-х. |
![]() Магіла Віктара й Марыі Войтанкаў на беларускай частцы могілак у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША) |
![]() Сямейная магіла Дубягаў на беларускай частцы могілак у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША) |
![]() Магіла Сяргея Карніловіча на могільніку ў Кліўлэндзе (Агаё, ЗША) |
![]() Беларускія могілкі ў Саўт-Рывэры пры царкве сьв. Еўфрасіньні Полацкай заснаваныя ў сярэдзіне 1950-х. Першымі тут былі пахаваныя Сьцяпан Прыдыбайла (1956) і Аляксандар Русак (1957) |
![]() На беларускіх могілках у Саўт-Рывэры 265 пахаваньняў. Другая зьлева магіла: Стукаліч, тут пахаваны пісьменьнік Юрка Віцьбіч. Чорна-белы помнік, куды падае цень - магіла Радаслава Астроўскага |
![]() Магіла пісьменьніка і журналіста Янкі Золака і яго першай жонкі мастачкі Лідзіі Даніловіч-Каліноўскай на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі) |
![]() Надпіс з адваротнага боку помніка другой жонкі Янкі Золака - Фатыні Даніловіч. Яна некалькі месяцаў перад сьмерцю знаходзілася ў коме. Беларускія могілкі ў Саўт-Рывэры |
![]() Магіла грамадзкага дзеяча Мацея Дурэйкі на Паўднёвых могілках Манчэстэру (Вялікабрытанія) |
![]() Магіла сьвятароў Лява Гарошкі й Язэпа Гэрмановіча на могілках Сьв. Панкрата ў Лёндане. |
![]() Магіла Васіля й Яніны Тураў на могілках Сьв. Панкрата ў Лёндане. (Вялікабрытанія) |
![]() Магіла старшыні Згуртаваньня беларусаў Канады, брата кіраўніка СБМ Міколы Ганька ў Таронта |
![]() Магіла грамадзкага і вайсковага дзеяча Дзьмітрыя Касмовіча ў Штутгарце (Нямеччына) |
![]() Магіла журналіста, супрацоўніка Інстытуту вывучэньня СССР Алеся Марговіча на могілках у Мюнхэне. |
![]() Магіла журналіста Ўладзімера Цвіркі на могілках Вэстфрайгоф у Мюнхэне (Нямеччына) |
![]() Магіла журналіста Ўладзімера Бортніка на могілках Пэрляхэр-Фёрст у Мюнхэне |





