Падчас нарады па кадравых пытаннях 2 мая Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, наколькі патрэбныя і актуальныя цяперашнія прызначэнні і ці прынясе гэта істотную карысць для краіны. 

«Хацелася б, каб паслы прызначаліся ўжо, магчыма, пад нейкую канкрэтную праграму або следам за гэтай праграмай», — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. Лукашэнка зазначыў, што, магчыма, «лепш не спяшацца адкрываць пасольствы і прызначаць паслоў там, дзе ім рабіць няма чаго будзе». 

Макей звярнуў увагу, што ўсе кіраўнікі беларускіх дыпмісій, якія прызначаюцца за мяжой, з'яўляюцца «адказнымі і перспектыўнымі работнікамі ў сістэме МЗС». 

Міністр пагадзіўся з тым, што паслоў варта прызначаць пад перспектыўнае развіццё адносінаў з той ці іншай краінай. 

«Наглядным прыкладам тут з'яўляецца Эквадор», — паведамляе прэс-служба.

Паводле слоў Макея, калі раней у Беларусі з Эквадорам практычна не было ніякага тавараабароту, то летась ён склаў 28 млн. долараў ЗША. Міністр прызнаў, што гэта невялікая лічба, аднак у дзвюх краін ёсць канкрэтныя перспектыўныя праграмы. «Эканоміка Эквадора падобная да венесуэльскай, і ёсць гатоўнасць нашых эквадорскіх партнёраў па развіцці ўзаемавыгадных сумесных праектаў з Беларуссю. Мы гэта будзем рабіць. Да таго ж з Эквадора мы акрэдытуем пасла па сумяшчальніцтве на некалькі суседніх краін», –- зазначыў кіраўнік МЗС.

«Што да Манголіі, то з гэтай краінай за апошнія два гады адзначаецца стабільны ўзровень знешняга гандлю, нягледзячы на дрэнную міжнародную фінансава-эканамічную сітуацыю. Апрача таго, у дзвюх краін ёсць перспектыўныя праграмы па пастаўках кар'ернай тэхнікі, па супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі і пастаўках сельгастэхнікі і абсталявання. Прычым ужо вядзецца канкрэтная праца», — паведамляе прэс-служба. 

Кажучы пра Нідэрланды, Макей звярнуў увагу на традыцыйна высокі ўзровень тавараабароту ў больш як 3 млрд. долараў. Прычым нават без уліку нафты, нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў, сёлета назіраецца рост двухбаковага гандлю ў два разы. Да таго ж з Нідэрландаў у Беларусь актыўна ідуць інвестыцыі, якія складаюць сотні мільёнаў долараў. У Нідэрландах таксама знаходзіцца штаб-кватэра Арганізацыі па забароне хімічнай зброі, з якой Беларусь цесна супрацоўнічае і выбрана летась у склад кіраўніцтва.

«Што да іншых краін, то мы пастаянна аналізуем працу нашых замежных устаноў. Напэўна, павінен шчыра прызнаць, усё-такі мы не заўсёды пралічваем нейкія варыянты пры прызначэнні тых ці іншых кіраўнікоў замежных устаноў, але важна своечасова бачыць недахопы і выпраўляць іх», — зазначыў міністр замежных спраў. 

Лукашэнка падкрэсліў, што яго асноўным патрабаваннем з'яўляецца пастаянная дынаміка ў адносінах з той ці іншай краінай. 

«Калі ўжо прызначылі, напэўна, думалі пра нейкія перспектывы. Усё роўна паслу давядзецца там напружвацца і даваць вынік. Няхай паступова, няхай спакойна, але дынаміка павінна быць станоўчая.

Гэта для нас вельмі важна. Калі, да прыкладу, у той жа Аргенціне вялікі фронт працы, перспектыўная краіна, там заўсёды можна знайсці прыкладанне намаганняў нашай Беларусі. Таму пасол павінен варушыцца. Гэтаксама і ў Бразіліі. Бразілія — гіганцкая краіна, велізарная па шчыльнасці, і калі мы там не маем добрай дынамікі, значыць, трэба разбірацца з паслом», — мяркуе кіраўнік дзяржавы. 

«Але галоўная задача — гэта эканоміка, — зазначыў Лукашэнка. — Будзе эканоміка — заўсёды будзе краіна і незалежнай,

і вам будзе магчымасць заўсёды вярнуцца ў свой родны дом, вы будзеце ведаць, што ёсць кавалак зямлі, дзе будуць жыць вашы дзеці. Гэта залежыць, у прынцыпе, сёння ўсё ад паслоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?