«Сярод беларускіх літаратараў у найлепшым становішчы знаходзяцца празаікі», — кажа арганізатар прэміі Алесь Аркуш. Маўляў, яны могуць прэтэндаваць на атрыманне шэрагу прэмій (у тым ліку Гедройца), а вось у паэтаў такой магчымасці няма.

«Таму абмеркавалі пытанне з Вінцэсем Мудровым і таталітарна вырашылі, што лаўрэатам павінен быць Эдуард Акулін, — працягвае Аркуш. — Акрамя вершаў, улічвалі грамадскую, папулізатарскую дзейнасць паэта: паездкі па Беларусі, сустрэчы з вучнямі».

Акулін адзначаны прэміяй за кнігу паэзіі «Святая ноч», якая выйшла да 50-годдзя аўтара. Туды ўвайшлі выбраныя творы з 6 кніг, а таксама зборнік «Радно», які ў свой час не пабачыў свет з-за цэнзуры і быў цалкам знішчаны.

З 1998 году ўручэнне «Глінянага Вялеса» адбывалася ў Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання. Чаму ж цырымонію перанеслі ў Мінск? «У свой час Алесь Разанаў атрымліваў узнагароду на «Вольнай сцэне», Славамір Адамовіч — на офісе БНФ, Уладзімір Някляеў — у памяшканні ПЭН-цэнтра, Людка Сільнова — у Нацыянальнай бібліятэцы, а Сяргей Дубавец — у кнігарні «Логвінаў», — тлумачыць Аркуш. — Да таго ж у Полацку ўзніклі пэўныя тэхнічныя праблемы, таму прыехалі да лаўрэата».

Пераможца «Глінянага Вялеса» не толькі атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва, але і мусіць выступаць з інагурацыйнаю прамоваю. Некаторыя літаратары ставяцца да яе сур’ёзна. Напрыклад, тэкст Людкі Сільновай пазней увайшоў у яе кнігу. Эдуард Акулін быў больш сціслы. Ён узгадаў, як у 1983 годзе Рыгор Барадулін адзначыў: Акулін пакуль шукае сябе ў паэзіі.

«Прайшло 30 гадоў — кажа паэт, — але мала што змянілася. Дагэтуль шукаю сябе. Але раней я шукаў сябе ў паэзіі. А цяпер ў паэзію ў сябе.

Сапраўдная паэзія нараджаецца тады, калі паэт становіцца самім сабой. Шчаслівы, што ў маім творчым лёсе такі момант быў».

У цырымоніі ўзялі ўдзел паэты Славамір Адамовіч, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Емельянаў, Георгій Ліхтаровіч.

Дранько-Майсюк выказаў думку, што «за апошнія 20 гадоў у нас з’явіліся творцы, якія маюць імёны, а няма твораў. А вось паэзія Акуліна жывая». Ён чытаў лепшыя творы лаўрэата. У тым ліку верш «Лён», прысвечаны Анатолю Сысу (дарэчы, гэта любімы верш Зінаіды Бандарэнкі):

«Мне прыснілася сёння Доля,
запаветны, як Слова, сон.
Мы з Сысом у нябёсным полі
разам жалі блакітны лён».

Свае песні перад прысутнымі выканалі Вольга Акуліч, лідар гурту «Верасень», і сам лаўрэат.

У сваім выступленні Акулін узгадаў, што днямі хтосьці напісаў ў фэйсбуку: «У той час, калі Бяляцкі сядзіць, нехта знаходзіць час, каб вялесіцца».

«Гэты чалавек хацеў, каб я пакрыўдзіўся, — кажа Акулін. — А я днямі атрымаў ліст з Бабруйска ад Алеся.

Бяляцкі напісаў манаграфію пра маю творчасць». Новы лаўрэат «Глінянага Вялеса» спадзяецца, што гэту кнігу неўзабаве прэзентуюць у кнігарні «Галіяфы». Прычым, абавязкова ў прысутнасці аўтара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?