"Сацыяльны марш" паводле маштабу (ня болей за дзьве-тры тысячы ўдзельнікаў) склаў у лепшым выпадку палову "Эўрапейскага". Пры тым што нядаўняе апытаньне НІСЭПД сьведчыла пра заўважна большую папулярнасьць менавіта сацыяльнага шэсьця.

Аглядальнік газэты "Товарищ" Мікалай Тоўсьцік, зь якім я сустрэўся на акцыі, лічыць, што народ яшчэ не пасьпеў сербануць вялікай лыжкай эканамічных нягодаў. Як зрух калега адзначыў, што гэтым разам на вуліцу выйшаў ужо трохі іншы кантынгент, ня толькі заўсёднікі.

Зрэшты, другі мой суразмоўца, палітоляг Валер Карбалевіч, мяркуе, што новай публікі аказалася няшмат, а вось сталы актыў часткова праінгараваў акцыю, "не палічыўшы яе змаганьнем за каштоўнасьці".

Ва ўсякім разе, відавочна, што мітынг на Бангалоры не натхніў правых і асабліва радыкальную моладзь. Фактычна яна зладзіла свой маленькі прарыў на плошчу Незалежнасьці, пісьменна скарыстаўшыся прыкрыцьцём дазволенай "дарослай" акцыі.

Цягам спантаннага шэсьця маладзёнаў ад Кастрычніцкага пляцу паўз будынак КГБ да Дому ўраду вакол мітусіліся людзі ў цывільным, але адчувалася, што загаду "браць" няма. Інфармацыі аб затрыманьнях няма і на той момант, калі я ўжо дома пішу гэтыя радкі.

Улада прадублявала тактыку, ужытую падчас "Эўрапейскага маршу". Пераканалася, што рэальнай небясьпекі такі "разгул лібэралізму" не стварае, а між тым Захад стрымана хваліць хай сабе й гэткі прагрэс. Зрэшты, сёньня за разгон "маршу працоўных" было б няёмка і перад камуністамі ўсяго сьвету, што зьехаліся ў Менск на форум. Так што і таварышу Зюганаву дзякуй! :)

Што ж паказала акцыя?

Да стадыі "пустых рондаляў" народу, канешне, далёка (і дзякуй богу!). Але калі і надыдзе час сапраўды масавых сацыяльных пратэстаў, то зусім ня факт, што наперадзе на белым кані апынецца тытульная апазыцыя. Сёньня для яе быў, калі хочаце, трэнінг. І арганізацыя акцыі цалкам адпавядала выслоўю "хто ў лес, а хто па дровы".

Дэ-факта розныя групы ўдзельнікаў вырашалі свае задачы, якія слаба карэляваліся зь "легендаю" мерапрыемства. Так, Ігар Рынкевіч з купкай аднадумцаў наладзіў на Кастрычніцкім пляцы цалкам аўтаномную імпрэзу зь зялёнай рыдлёўкай пад лёзунгам вызваленьня Казуліна. Сваю місію, мусіць, палічылі выкананай і удзельнікі нашумелай бойкі (думаю, гэты сюжэт мы яшчэ пабачым па тэлевізіі). Нарэшце, давяла свой нонканфармізм тая моладзь, што дапяла пад бел-чырвона-белымі штандарамі да помніка правадыру ўсясьветнага пралетар'яту ды прасьпявала "Магутны Божа" пад вокнамі Сідорскага.

Карацей, такой ідэйнай эклектыкі на менскіх вуліцах даўно не было :) Пад маркай "Сацыяльнага маршу" розныя фармальныя і нефармальныя суполкі ладзілі свае маленькія сьвяты непаслушэнства.

Канешне, такая вось спантанная, паўзучая адваёва мікрапляцдармаў свабоды таксама мае свой сэнс. Але казаць пра моцную стратэгію ды арганізацыю нават у межах асобнай акцыі не выпадае. Між тым апанэнты рэжыму маюць патрэбу ў доўгатэрміновай стратэгіі гульні на сацыяльным полі. Бо тут пазыцыі ўлады прасядаюць капітальна. Зараз тытульная апазыцыя скончыла вулічны сэзон са сьціплым мабілізацыйным патэнцыялам. Між тым за зіму ў настроях масы шмат што можа зьмяніцца.

Нарада ў пытаньні льготаў, намечаная на 6 лістапада, пакажа, наколькі там, наверсе, нэрвуюцца і што маюць у рэзэрве, каб замартызаваць непазьбежныя ўдары эканамічных чыньнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?