Для зручнасці гасцей і балельшчыкаў чэмпіянату свету па хакеі Беларуская чыгунка ўводзіць спецыяльны графік руху цягнікоў гарадскіх ліній да спартыўных аб'ектаў — «Мінск-Арэна» (п.п. Масюкоўшчына) і «Чыжоўка-Арэна» (п.п. Лошыца).
Пра гэта паведамілі ў прэс-службе БЧ. У графіку ўлічаны час пачатку і заканчэння ўсіх матчаў. На час правядзення чэмпіянату распрацавана пяць перыядаў руху цягнікоў гарадскіх ліній: з 9 па 10 і з 12 па 20 мая; 11 мая; 22 мая; 24 мая; 25—26 мая.
Акрамя таго, у дапаўненне да ўжо існуючых маршрутаў гарадскіх ліній у сталіцы з 9 па 10 і з 12 па 20 мая сучасныя электрацягнікі будуць курсіраваць у скразных зносінах праз станцыю «Мінск-Пасажырскі» і звяжуць паміж сабой «Мінск-Арэну» і «Чыжоўка-Арэну».
Інтэрвал руху цягнікоў гарадскіх ліній ва ўказаныя перыяды будзе складаць 10—15 хвілін.
Прадугледжана па тры пары цягнікоў да пачатку і заканчэння кожнага матчу. Графік узгоднены з дзяржаўнай установай «Сталічны транспарт і сувязь» і Дырэкцыяй па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2014 года.