Наста Азарка

І пацягнула ж нешта мяне ў горад, хоць я магла спакойна сесьці на аўтобус са свайго прыпынку. Да аўтобуса было з паўгадзіны. Прабеглася па крамах. Заўважыла, як узмацнілі рух «мошкі». Шчэ крыху паблыталася й вярнулася на аўтастанцыю. Набыла квіток. У вакно прасачыла за «мошкаю», якая яўна шукала кагосьці. Хвілінаў пяць да аўтобуса. На плятформе натоўп. Падумала, што згублюся ў ім, выйшла на вуліцу. Дарма. З‑за кута вынырнула «мошка» й спынілася акурат насупраць мяне. Міліцыянт адчыніў заднія дзьверцы, кіўнуў галавою:

— Насьця, садзісь у машыну.

— Неа, ня буду.

— Ну, ты ж свой чалавек, усё панімаеш, садзісь у машыну.

— Не хачу, навошта? Ня буду я…

Навокал стаялі людзі й моўчкі слухалі нашую спрэчку. І ЎСЕ МАЎЧАЛІ, НІБЫ ТАК І ТРЭБА. Урэшце рэшт, міліцыянт усё‑такі вылез з машыны, падыйшоў да мяне. Я не ўцякала — а навошта? Трэба было зьвярнуцца да людзей па дапамогу, але толькі падліла б масла ў вагонь, бо дзядзька ўжо пачаў злавацца. Моцна схапіў мяне за руку вышай локця і запіхаў у машыну, цыкнуўшы:

— Яшчэ тут цырк на людзях рабіць будзеш…

Заехалі ў двор пастарунку. Мяне таксама брала злосьць. Дасталі ўжо. Мая падпіска аб нявыезьдзе даўно скончылася. Ня маюць права вось так вось… Міліцыянты выйшлі. Я засталася ў машыне. На двары стаяла яшчэ купка іхніх супрацоўнікаў, якія радасна павіталіся. Я сяджу. Той, што мяне… нават не затрымліваў, я ня ведаю, як гэта называецца, хіба скраў, папрасіў:

— Давай, выходзь з машыны.

— Ня буду, — я заўпарцілася й учапілася за фатэль.

Ён паспрабаваў мякка мяне пацягнуць за плячо. Ага. Не атрымалася. Фігушкі.

— Ну, солнышка, рыбка, кацёнак, маленькая, ну выходзь…

Міліцыянты ржалі. Хтосьці прапанаваў:

— А ты па‑беларускі.

— Точна! Прошэ, пані…

Тут ужо засьмяялася я:

— Гэта па‑польску, спадар паліцай.

— Ну, што з табою рабіць… Добра, ня хочаш па‑харошаму, то зараз я цябе выцягну, — ён з галавою ўлез у машыну й, неяк падхапіўшы мяне, выцягнуў на вуліцу. — Ты ведаеш, куды йсьці.

— Ведаю, — згадзілася я і рванулася да брамы дворыка. Але ён пасьпеў схапіць мяне за плячо.

Гэтак, пад руку, прывёў у дзяжурку. І ўжо там адпусьціў. За пультам сядзеў міліцыянт, зь якім у мяне заўсёды здараліся сутычкі. Не перамінула й на гэты раз. Я засталася стаяць пасярод дзяжуркі. Міліцыянты папрасілі паказаць, што ў заплечніку. Ім патрэбны былі значкі й налепкі ці ўлёткі… Там нічога не было, акрамя касмэтычкі й іншых асабістых рэчаў. Але я адмовілася. Ня маюць права. Я нічога не парушала. І я злавалася. Бо ня бачыла сэнсу. Я была зь імі сам насам і яны былі гаспадарамі ў сваім пастарунку. Я адмовілася аддаваць ім на догляд свой заплечнік, тады міліцыянты вырашылі ўзяць яго самі.

Прыперлі мяне да сьцяны, бо я ўпарцілася. Іх не спыніла нават тое, што я прыгразіла, што скажу, што яны нібыта мяне дамагаліся. Пасьмяяліся. Дзяжурнаму надакучыла глядзець на гэтую валтузьню. Ён падыйшоў, неяк лёгка, амаль што без выкручваньня рук, сьцягнуў мой няшчасны заплечнік і нямоцна піхануў мяне на лавачку. Я надзьмулася. Ну і хай зь імі. Усё роўна нічога не атрымаюць. Проста таму, што на гэты раз ніякага «паліва» ў заплечніку не было. Міліцыянты пашмоталіся па ім. Абурыліся. Яны хацелі надыбаць якога‑небудзь значка.

Зайшоў начальнік «мусарні». Запытаўся, чаго я тут, хто мяне прывёз, куды я еду. Разабраўся. Аддаў мне заплечнік, сказаў, каб ішла. Вялікі дзякуй, я спазьнілася на аўтобус. На пяць хвілінаў. Тады хуценька падагналі «мошку», пасадзілі мяне і рванулі за аўтобусам. Дагналі. Падрэзалі. Я перасела. Там былі тыя ж людзі, якія былі ў час «затрыманьня‑выкраданьня» на плятформе. Мне стала сьмешна.

У Гарадзеі пакуль чакала электрацыю, набыла чакаляду. Ім добра ўпляжваць злосьць. Пакуль даехала да Менску, крыху астыла. Але зрабілася сумна…

29.10.2007 Нясьвіж

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?