Паміж Беларуссю і Расіяй няма невырашальных пытанняў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 мая на сустрэчы ў Маскве з прэм'ер-міністрам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым.
«У нас няма невырашальных пытанняў, нам трэба толькі не спыняцца і рухацца наперад».
Ён адзначыў, што Беларусь, Расія і Казахстан знаходзяцца напярэдадні важнай падзеі — падпісання дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза.
Менавіта Мядзведзеў, будучы прэзідэнтам Расіі, ставіў свой подпіс пад дамовай аб стварэнні Мытнага саюза, нагадаў Лукашэнка. «І калі б тады не жаданне і воля Расіі, нашага саюза б не было», — дадаў ён.
У сваю чаргу прэм'ер РФ заявіў, што беларускае і расійскае супрацоўніцтва пастаянна рухаецца наперад, бакі ўзаемадзейнічаюць у рамках Саюзнай дзяржавы і Мытнага саюза. «Нашы двухбаковыя адносіны выключна важныя, тым больш на фоне эканамічнай сітуацыі ў свеце і Еўропе», — падкрэсліў Мядзведзеў.
З працоўным візітам у Маскву Лукашэнка адправіўся 7 мая. 8 мая там пройдзе нефармальная сустрэча прэзідэнтаў Расіі, Беларусі, Арменіі, Кыргызстана і Таджыкістана.
«У рамках мерапрыемства запланавана прысутнасць кіраўнікоў дзяржаў на трэніроўцы па кіраванні ўзброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі. Мяркуецца таксама правядзенне двухбаковых гутарак прэзідэнта Расіі з шэрагам кіраўнікоў дзяржаў», — паведаміла прэс-служба Крамля.