5 лістапада суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алена Цалкова адмовіла ў задавальненні скаргі адлічанага студэнта трэцяга курса матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны Зьмітра Жалезнічэнкі на неправамерныя дзеянні адміністрацыі ВНУ.

Нагадаем, намеснік старшыні абласной маладзёжнай краязнаўчай арганізацыі «Талака» і намеснік старшыні абласной арганізацыі маладзёжнага крыла Партыі БНФ «Моладзь БНФ» З.Жалезнічэнка быў адлічаны з ВНУ 7 верасня. Ён з’яўляўся выдатнікам вучобы і за апошні час два семестры не меў пропускаў заняткаў без паважных прычын.

Падставай для адлічэння адміністрацыя ВНУ назвала сістэматычнае парушэнне правілаў унутранага распарадку універсітэта. У дакладной запісцы рэктару дэкан матэматычнага факультэта Сяргей Жогаль указаў на выгавар, які атрымаў З.Жалезнічэнка ў лістападзе 2006 года за адмову даць тлумачэнні ў сувязі з прапушчанымі заняткамі. Таксама матывам для адлічэння дэкан назваў рашэнне гаспадарчага суда Гомельскай вобласці аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці З.Жалезнічэнкі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Актывіст быў адным з арганізатараў канцэрта беларускіх бардаў 23 чэрвеня ў Гомелі — расклейваў афішы і прадаў некалькіх уваходных білетаў. Гаспадарчы суд палічыў гэта адміністрацыйным правапарушэннем.

У скарзе ў суд З.Жалезнічэнка ўказаў, што выгавар — гэта дысцыплінарнае спагнанне, а рашэнне гаспадарчага суда — адміністрацыйнае, таму яны не з’яўляюцца сістэмай. Тасама актывіст указвае на той факт, што незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, у адпаведнасці з КоАП, не з’яўляецца правапарушэннем, што замахваецца на грамадскі парадак.

«Тым больш, на момант майго адлічэння рашэнне гаспадарчага суда аб прыцягненні мяне да адказнасці не набыло законную моц, бо я яго абскардзіў у Вышэйшым гаспадарчым судзе. А адміністрацыя ВНУ нават не пацікавілася, ці набыло моц рашэнне. Наогул бюракратычная машына нашай дзяржавы здольная працаваць з рознай хуткасцю — ад імгненнай да вельмі маруднай. Рашэнне гаспадарчага суда прыйшло ва універсітэт 3 верасня, назаўтра дэкан ужо напісаў дакладную рэктару, праз дзень прайшло пасяджэнне прафкама, і праз два дні мяне адлічылі. А скаргу, накіраваную ў Мінадукцыі, там чыталі 32 дні, а затым мне адказалі, што «вас адлічылі». Без разбору, як і за што», — зазначыў З.Жалезнічэнка.

У ходзе судовых пасяджэнняў дэкан матэматычнага факультэта С.Жогаль прызнаў, што ён «крыху няправільна кваліфікаваў адміністрацыйнае правапарушэнне Жалезнічэнкі», але сцвярджаў, што студэнт быў адлічаны правамерна.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0