Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Уладзіміру Пуціну падумаць аб правядзенні парада расійскіх і беларускіх вайскоўцаў на Чырвонай плошчы ў гонар 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў наступным годзе. Такую заяву беларускі кіраўнік зрабіў у ходзе двухбаковай сустрэчы з расійскім калегам.

«Я думаю, нам прыйдзецца падумаць аб тым, каб на парадзе беларусы і расійская армія прадэманстравалі гэта (адзінства). Думаю, гэта будзе нармальна, калі на Чырвонай плошчы нашы падраздзяленні будуць прымаць удзел (у парадзе)», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным.

Акрамя таго, Лукашэнка прапанаваў Пуціну скаардынаваць сумесныя дзеянні ў сувязі з сітуацыяй ва Украіне: «Мне хацелася б, так бы мовіць, за кадрам, адкрыта пагаварыць аб сітуацыі ва Украіне і неяк скаардынаваць нашы дзеянні. Таму што, напэўна, гэты крызіс заўтра не скончыцца, а ён непасрэдна ўплывае як на вас, так і на нас».

У ходзе сустрэчы таксама плануецца абмеркаванне перспектыў стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза па выніках кансультацый на міжурадавым узроўні.

«Мы правялі вельмі вялікую працу і з прэм'ер-міністрам Дзмітрыем Анатольевічам (Мядзведзевым), з віцэ-прэм'ерамі і з міністрамі. Вельмі вялікі пласт работы па ўзгадненні некаторых момантаў нашага дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе», — сказаў Лукашэнка.

Пуцін падзякаваў Лукашэнку за візіт у Маскву напярэдадні Дня Перамогі. «Ведаю, што вы зараз рыхтуецеся і да гэтага свята, і да чэмпіянату свету па хакеі, спраў шмат, тым не менш вы знайшлі час, прыехалі. Мне здаецца, гэта натуральна. Расія і Беларусь, як былыя складовыя часткі Савецкага Саюза, унеслі вялікі уклад і панеслі велізарныя страты ў барацьбе з нацызмам. Таму быць у гэтыя дні разам — натуральная справа», — адзначыў прэзідэнт Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?