9 мая прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» — прыкладна 40 чалавек — усклалі кветкі да манумента Перамогі ў Мінску. 

Групу ўзначальвалі старшыня партыі Сяргей Калякін, яго намеснік Валерый Ухналёў і актывіст «Справядлівага свету» Сяргей Вазняк. Выступаючы перад прысутнымі, Калякін заявіў: «Мы сёння схіляем галаву перад загінулымі і славім жывых ветэранаў вайны. Мы жадаем усяго добрага нашаму шматпакутнаму беларускаму народу, які страціў падчас Вялікай Айчыннай вайны кожнага трэцяга».

Лідар партыі зазначыў, што «Справядлівы свет» штогод адзначае такія святы, як Дзень Перамогі. «Мы і ў савецкі час ускладалі кветкі, і сёння ўскладаем, і лічым, што гэта — вялікае свята», — падкрэсліў Калякін. 

Палітык таксама пракаментаваў дыскусіі ў грамадстве наконт выкарыстання георгіеўскіх стужачак. Ён шкадуе, што «георгіеўскую стужачку апошнім часам палітызавалі». 

«Георгіеўская стужка заўсёды прысутнічала ў Дзень Перамогі, яна прысутнічала на памятным медалі перамогі над Германіяй. Сёння гэтае пытанне палітызаванае ў сілу таго, што адбываецца ва Украіне, гэты знак выкарыстоўваецца як сімвал сённяшняй барацьбы. Але ад гэтага георгіеўская стужка, якой узнагароджвалі ўсіх пераможцаў у 1945 годзе, не стала менш значнай», — упэўнены Сяргей Калякін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?