![]() |
10.01 У шклоўскай калёніі а 10-й гадзіне мусіў распачацца працэс над Зьмітром Дашкевічам. Аднак пакуль у будынак не пусьцілі адваката Аляксандра Галіева. Каля калёніі сабралося чалавек 15: бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч, некалькі актывістаў, прадстаўнік амбасады ЗША і апэратар БТ.
10.40 Працэс у справе Зьмітра Дашкевіча працягнецца 9 лістапада а 9-й гадзіне.
Паседжаньне перанесенае паводле фармальнай прычыны. Паводле заканадаўства, абвінавачаны мусіць атрымаць паведамленьне пра прызначэньне судовага працэсу не пазьней як за 5 сутак да яго пачатку. Зьміцер Дашкевіч даведаўся пра дату паседжаньня 1 лістапада, і на сёньняшнюю раніцу поўных 5 сутак яшчэ не мінула.
Адвакат Галіеў бачыўся з Дашкевічам, паводле ягоных слоў, Зьміцер выглядае бадзёра, не хварэе.
Бацька ж Зьмітра настроены пэсымістычна:
«Не хачу быць злым прарокам, але, баюся, ўпаяюць Зьмітру па поўнай…»
Хлопца абвінавачваюць у парушэньні артыкулу 402 КК «Адмова альбо ўхіленьне сьведкі ад даваньня паказаньняў». Летам Зьміцер катэгарычна адмовіўся даваць паказаньні супраць сваіх сяброў з «Маладога фронту», у прыватнасьці супраць Івана Шылы. Паводле гэтага артыкулу Дашкевіч можа атрымаць яшчэ паўгоду турмы. За сталінскім часам за такое давалі да 25 гадоў лягераў.
Цяпер Зьміцер Дашкевіч адбывае паўтарагадовае зьняволеньне ў шклоўскай папраўчай калёніі. Яго асудзілі 1 лістапада 2006 г. за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. На волю хлопец мусіў выйсьці 15 сакавіка.
![]() Падтрымаць Дашкевіча прыехалі актывісты "Маладога Фронту" з Магілёва, Менску і Салігорску |
![]() Вячаслаў Дашкевіч прыехаў на працэс сына са Старых Дарогаў. Але прысутнічаць на судзе яму не дазволілі |
![]() |
![]() Чалавек, які называў сябе прадстаўніком выканкаму (зьлева), ні на крок не адыходзіў ад в.а. намесьніка кіраўніка дыпляматычных місіяў амбасады ЗША Луіса Крышака (справа). Усіх прысутных фільмавалі некалькі чалавек у цывільным |
![]() Адвакат Аляксандр Галіеў паведамляе прысутным пра перанос працэсу /td> |
![]() ВК-17, Шклоў |





