Хакейныя заўзятары з Расіі, у адрозненне ад футбольных, паводзяць сябе ветліва. Аб гэтым заявіў расійскі пасол Аляксандр Сурыкаў журналістам 10 мая пасля цырымоніі адкрыцця ў Мінску Дома балельшчыка зборнай Расіі па хакеі.
«Ніводнай праявы хуліганства не зафіксавана ні праваахоўнымі органамі Беларусі, ні консульствам», — падкрэсліў ён.
Сурыкаў таксама адзначыў, што «ёсць шмат рэчаў, якія дэманструюць брацтва Беларусі і Расіі». «Спорт стаіць на адным з першых месцаў. Я не раз'ядноўваю беларускіх і расійскіх заўзятараў. Яны падтрымліваюць і зборную Расіі, і зборную Беларусі», — сказаў ён.
У сваю чаргу прэзідэнт Федэрацыі хакея Расіі Уладзіслаў Трацяк падкрэсліў, што спорт і палітыку нельга змешваць: «Палітыкі ад гэтага нічога не выйграюць, а спартсмены толькі прайграюць, бо яны рыхтуюцца да спаборніцтваў усё сваё жыццё».
Ён заявіў, што «сапраўды былі людзі, якія заклікалі да байкоту як Алімпіяды ў Сочы, так і чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі». Але, падкрэсліў ён, Міжнародная федэрацыя хакея сказала, «што хакей у Беларусі павінен быць».
Адзін з расійскіх заўзятараў, вядомы дрэсіроўшчык Эдгард Запашны, выказаў падзяку беларускім арганізатарам чэмпіянату за «высокі ўзровень бяспекі, спакой і свята ў горадзе».
Тым часам СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамілі, што нецвярозыя расійскія заўзятары 9 мая вывесілі на агароджы пасольства Грузіі ў Беларусі некалькі расійскіх сцягоў.
Пры гэтым паведамляецца, што супрацоўнікі міліцыі, якія ахоўваюць грузінскую дыпмісію, не перашкаджалі вывешванню сцягоў, праўда, яны не дазволілі расіянам зняць з флагштока грузінскі сцяг.