Галасаванне ў Марыупалі. Фота Ройтэрз.

Галасаванне ў Марыупалі. Фота Ройтэрз.

У паўмільённым Марыупалі адкрыты 4 выбарчыя ўчасткі. Спісаў выбарцаў няма. Карэспандэнт выдання «Навіны Данбаса» прагаласаваў на чатырох участках за сябе, свайго суседа і ягоную жонку.

Ніякага юрыдычнага значэння такі рэферэндум не мае. Але галоўнае для арганізатараў — сабраць натоўпы людзей на нешматлікіх участках, каб атрымаць прыгожую карцінку.

У сітуацыі калі вялікая частка насельніцтва падтрымлівае далучэнне да Расіі, зрабіць гэта няцяжка. Але тая маўклівая большасць, якая хоча застацца ва Украіне, засталася без голасу. І пад дуламі аўтаматаў.

Украінцы спрабавалі ліквідаваць баевікоў, але не здолелі. Яны спыніліся на подступах да Славянска, у прыгарадах Краматорска. Пазаўчора Нацыянальная гвардыя пакінула Марыупаль. Такім чынам, і гэты горад, дзе ўкраінцы супраціўляліся найдаўжэй, апынуўся ў руках баевікоў.

Чаму такое адбываецца? Сепаратысты выдатна ўзброеныя — іх лёгкае ўзбраенне нават лепшае, чым ва ўкраінскай арміі. Акрамя таго, украінскія сілавікі захоўваюць вернасць Украіне, але ваяваць да крыві ў масе сваёй не хочуць.

Тыповая сітуацыя: сепаратысты ўрываюцца на памежны пост, пачынаюць страляць. Памежнікі адыходзяць. Праз мяжу праязджае канвой з расійскімі «добраахвотнікамі» і зброяй, сепаратысты з'язджаюць, украінскія памежнікі вяртаюцца на пасты.

Учора баевікі напалі на санаторый, дзе былі размешчаныя салдаты Унутраных войскаў. Адкрылі страляніну, і ўкраінцы здалі зброю. Тэрарысты захапілі некалькі соцень аўтаматаў.

Украінскія ўлады прызнаюць, што сепаратыстаў масава падтрымліваюць жыхары Данбаса.

Сацыёлагі аддаўна канстатавалі, што рэгіён падзелены напалам. Палова жыхароў хацела б аб'яднання з Расіяй, другая палова — адзінства з Украінай.

Першая палова аказалася ўзброеная расійскай зброяй і гальванізаваная агрэсіўнай расійскай прапагандай. Яна мае неабмежаваныя фінансавыя рэсурсы ад Расіі і Януковіча. А другая палова — гэта людзі, у большасці сваёй не гатовыя да ўзброенай барацьбы, якая адна сёння вырашае будучыню рэгіёна.

Таму, нават калі рэальна прагаласуюць лічаныя працэнты выбарцаў на ўчастках, створаных для карцінкі расійскага тэлебачання, незалежнасць Данецкай рэспублікі будзе абвешчана пад дуламі аўтаматаў. І не толькі аўтаматаў — процітанкавых гранатамётаў і зенітных комплексаў.

Процістаяць такім планам можна толькі спосабамі ваеннага часу.

Але ўкраінскія ўлады не далі загаду бязлітаснага адстрэлу кожнага чалавека са зброяй, не закрылі межаў, не ліквідавалі Кампартыі і Партыі рэгіёнаў як структур, што, фактычна, дзейнічаюць на развал краіны. Не далі загаду — бо не хацелі антаганізаваць мясцовае насельніцтва. А яшчэ баяцца адкрытага расійскага ўварвання.

Няма сумневаў, што пасля ўсталявання кантролю над Данбасам баевікі пераедуць у Харкаў і Запарожжа. І так далей.

Неабвешчаная вайна ва Украіне можа зацягнуцца на неакрэслены час.

Пакуль няясна, якой будзе тактыка Масквы. Або Расія заявіць аб далучэнні «Наваросіі», як далучыла Крыма, або прызнае «незалежнасць» новага ўтварэння на тэрыторыі Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?