У рэлігійных адносінах Беларусь пакуль што не пазбавілася ад наступстваў савецкай улады, якая афіцыйна прапагандавала атэізм. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі 13 мая ў Мінску выказаў мітрапаліт Павел. 

Паводле яго слоў, «XX стагоддзе і адбітак ранейшай улады дагэтуль прыносяць вынікі». Так, шматлікія беларусы, сказаў праваслаўны іерарх, да гэтага часу не знаёмыя з Евангеллем. «Святарам, епіскапату яшчэ шмат трэба зрабіць, каб даць людзям магчымасць пазнаць, што такое праваслаўная царква і што яна прыносіць людзям», — адзначыў уладыка. 

Задача Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ), прадоўжыў мітрапаліт Павел, заключаецца ў «евангелізацыі народа». Гэта, у сваю чаргу, заклік да людзей, каб яны «прыслухаліся да голасу Евангелля і паспрабавалі жыць так, як вучыць сам Ісус Хрыстос». 

У гэтай справе праваслаўная царква знайшла саюзніка ў асобе дзяржавы. Мітрапаліт Павел выказаў шчырую радасць «узроўню ўзаемадзеяння», які сёння ўстанавіўся паміж дзяржавай і БПЦ. 

«Шчыра радуе паразуменне з боку кіраўніцтва краіны і, у прыватнасці, прэзідэнта Беларусі, — падкрэсліў ён. — Чалавек, які трымае руку на пульсе, ведае сітуацыю ў дзяржаве і становішча ў царкве. Сёння мы ўсё добра разумеем, што супрацьстаянне не дае ніякіх шансаў на добрае, прыстойнае, нармальнае і набожнае жыццё. Супрацоўніцтва заўсёды прыносіць добры плён». 

«Мая задача — працягваць гэта супрацоўніцтва», — заключыў уладыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?