Два першыя сезоны ў БАТЭ для братоў Платонавых задалiся. Двойчы ўдалося заваяваць чэмпiёнства i адзiн раз — Кубак Беларусi. Гэта цалкам прыстойны набор тытулаў для 21-гадовага ўзросту. Акрамя таго, у Лiзе чэмпiёнаў БАТЭ паднялося да нябачаных раней беларускiмi клубамi еўракубкавых вышынь, што з пункту погляду працягу спартыўнай кар’еры — выдатны старт. Заўважаны браты i трэнерамi зборных — Дзмiтрый гуляе за маладзёжную каманду, Павел выклiкаўся на збор нацыянальнай дружыны Берндам Штанге.

— Якое ўражанне пакiдае Бернд Штанге?

ПАВЕЛ: — Мы паразмаўлялi падчас збораў. Першыя ўражаннi станоўчыя — чалавек ён адкрыты i добразычлiвы.

— Ад беларускiх трэнераў чымсьцi адрознiваецца? Як вядома, зараз iгракi нацыянальнай зборнай на трэнiроўках спяваюць...

ПАВЕЛ: — Я яшчэ няшмат трэнераў пабачыў... Калi параўноўваць з Крыушэнкам, то падыходы ў iх крыху розняцца. Я ўдзельнiчаў у трэнiровачным зборы ўсяго чатыры днi, але тады яшчэ нiхто не спяваў i мяне не запрашалi. Практыкаваннi, вядома ж, адрознiвалiся, у кожнага трэнера свой набор.

— Хто з iгракоў у камандзе карыстаецца найбольшым аўтарытэтам?

ПАВЕЛ: — Звычайна той, хто лепш за ўсiх гуляе. У нас гэта Саша Глеб, безумоўна. Але на вы да яго, зразумела, нiхто не звяртаецца.

— Як у БАТЭ адзначылi чэмпiёнства, якое вы аформiлi за чатыры туры да заканчэння чэмпiянату?

ДЗМІТРЫЙ: — У нас была проста ўрачыстая вячэра. Сабралiся за горадам у кавярнi "У Пунтуса", пасядзелi. Мы заўсёды там збiраемся, i летась, калi заваявалi Кубак, там адзначалi.

ПАВЕЛ: — Афiцыйны банкет плануецца 14 снежня.

— Няўжо нiхто не парушыў спартыўны рэжым?

ДЗМІТРЫЙ: — Нам дазволiлi, зразумела, пiва, вiно, але нiхто не хадзiў, не глядзеў, хто колькi налiвае. Кожны сам ведае, колькi яму можна. Усе трымалi сябе ў руках.

— А ўвогуле як наконт дысцыплiны ў камандзе? Курыць, скажам, можна?

ДЗМІТРЫЙ: — Нiхто не ходзiць i не правярае — пахне ад цябе цыгарэтамi цi не. Кожны прафесiянал, разумее, што яму можна, што не. За два гады, што мы ў БАТЭ, асаблiвых iнцыдэнтаў з дысцыплiнай не было. Хоць каманда ў нас дружная, можам разам сабрацца на шашлыкi цi ў боўлiнг пагуляць. У адпачынку можна ў начны клуб схадзiць.

— Падчас Лiгi чэмпiёнаў наведалi Кiпр, Iсландыю, Румынiю, Iспанiю. Што ўдалося пабачыць у гэтых краiнах?

ПАВЕЛ: — Футбольныя стадыёны.

ДЗМІТРЫЙ: — I тое, што можна ўбачыць з акна аўтобуса па маршруце аэрапорт-гасцiнiца-стадыён. Ад кожнай краiны засталiся ўражаннi, але iх не так i шмат. У Iспанii, напрыклад, мы жылi ў маленькiм спакойным гарадку, там менш чым сорак тысяч насельнiцтва. Увечары выйшлi прагуляцца вакол гасцiнiцы, дык нават бабулькi i дзядулькi крычалi нам "Вiльярэал — чэмпiён!". Хоць самая шалёная падтрымка ў Румынii. Наша гульня са "Сцяўа" была ўвечары, а свята футбола пачалося ў горадзе з самай ранiцы. За дзве гадзiны да гульнi мы едзем на стадыён, а горад ужо жыве футболам, усе вулiцы запруджаны балельшчыкамi ў майках, з шалямi. На стадыён заязджаем — паўтары гадзiны да гульнi, а трыбуны на 20—30 працэнтаў запоўненыя. Толькi выйшлi паглядзець, у якiм стане газон, а нас ужо абсвiсталi. Пераапранаемся ў раздзявальнi на гульню, а ўражанне, быццам матч пачаўся — балельшчыкi крычаць, скачуць па трыбунах...

У Iспанii людзi прыходзяць на стадыён як у тэатр. Таксама, вядома ж, шумна, але калi прыгожы момант, цi наш варатар, дапусцiм, адбiў мяч, абавязкова паапладзiруюць. Больш спакойныя гледачы, чым у Румынii, карацей...

ПАВЕЛ: — Нiхто не параўнаецца з нашымi — у нас яшчэ больш спакойныя. Асаблiва... калi iх няма.

ДЗМІТРЫЙ: — Калi з Румынii прыязджаеш гуляць з "Тарпеда" не хочацца iх крыўдзiць, але так атрымалася, што пасля "Сцяўа" мы гулялi з жодзiнцамi, было псiхалагiчна складана. Карацей, ледзь-ледзь — 1:0 — выйгралi.

— А ўвогуле, што лепш: гуляць з такой падтрымкай сапернiка, як у Румынii, цi ўвогуле без падтрымкi, як на шэрагавых матчах нашага чэмпiянату?

ДЗМІТРЫЙ: — Нельга сказаць, што падтрымка сапернiка перашкаджае, адзiнае, што толькi пачынаеш кантраляваць мяч — пачынаецца гэты свiст. Але ў гульнi не звяртаеш на гэта ўвагi, проста атмасфера адчуваецца.

ПАВЕЛ: — У любым выпадку гэта лепш, чым пустыя трыбуны. На хатнiя матчы Лiгi чэмпiёнаў у Барысаве гледачоў нармальна збiралася, i падтрымка была добрай. У чэмпiянаце ёсць матчы, вядома ж, калi таксама шмат балельшчыкаў прыходзiць, але часта гульня праходзiць з амаль пустымi трыбунамi.

— Цiкава, як трэнер настройвае на такiх сапернiкаў, як "Вiльярэал" цi "Сцяўа"

ДЗМІТРЫЙ: — На такiх сапернiкаў i настройваць не трэба. Асабiста я i сам вельмi лёгка гэта раблю. Значна складаней трэнеру настроiць на сапернiкаў з нiжняй паловы турнiрнай таблiцы.

ПАВЕЛ: — "Сцяўа" мы маглi абыгрываць. Так атрымалася, што напрыканцы нам чагосьцi не хапiла. А "Вiльярэал" тыдзень таму абыграў "Барселону"... Нам там трэба было паказаць штосьцi фантастычнае, каб выйграць. Мы трэнiравалiся на базе дзiцяча-юнацкай школы "Вiльярэала" — гэта тое, да чаго трэба iмкнуцца, i нам яшчэ вельмi далёка да гэтага.

ДЗМІТРЫЙ: — Справа нават не ў дзiцяча-юнацкай школе, у камандзе не вельмi многа яе выхаванцаў. Яны могуць дазволiць купiць сабе iгракоў, напрыклад, Росцi з Манчэстэр Юнайтэд.

— Калi каманда гуляе на выездзе, нацыянальную кухню вам прапануюць?

ПАВЕЛ: — Гэта ўзгадняецца з нашым доктарам. Усё, што ён сказаў, у рэстаране прыгатуюць. Ёсць прадукты, якiя нельга ў дзень гульнi ўжываць, гэта ўлiчваецца. А пасля матча мы адразу ў самалёт, i вячэра ў нас у самалёце.

— Не магу не спытаць, як трапiлi ў футбол?

ДЗМІТРЫЙ: — Спачатку, калi мы былi ў "несвядомым" узросце, мама адвяла нас на тэнiс. А потым мы з братам параiлiся, i пайшлi на футбол. Займалiся недалёка ад дома, у "Працоўных рэзервах". Першым трэнерам быў Якаў Барысавiч Ляндрэс. Потым каманду перайменавалi, яна падтрымлiвала сувязь з "Зоркай-ВА-БДУ", мы трапiлi ў дубль, потым у асноўную каманду. Калi "Зорка" вылецела ў першую лiгу, мы перайшлi ў БАТЭ.

— У школе добра вучылiся?

ПАВЕЛ: — Я пару гадоў нават выдатнiкам быў, потым гэта хутка скончылася.

ДЗМІТРЫЙ: — Пачалася дзесяцiбальная сiстэма — у раёне "васьмёрак" вучылiся, харашысты, адным словам. Зараз у iнстытуце вучымся — на 5-м курсе БНТУ. На дзённым аддзяленнi машынабудаўнiчага факультэта.

ПАВЕЛ: — Думаем пра будучыню, адным словам. Трэба быць адукаванымi i iнтэлектуальна развiтымi. Спартыўная кар’ера можа скончыцца ў любы момант. Хоць футбол пакуль што, безумоўна, на першым месцы.

— Як удаецца паспяваць вучыцца на дзённым аддзяленнi? Выкладчыкi ведаюць, што вы прафесiйныя футбалiсты?

ДЗМІТРЫЙ: — Сумяшчаць гэта нескладана. А выкладчыкам увогуле ўсё роўна, хто мы. Сярод iх балельшчыкаў няшмат, некаторыя i каманды такой, напэўна, не ведаюць. Зараз, пасля гульняў у Лiзе чэмпiёнаў, магчыма, хтосьцi i ўспомнiць.

ПАВЕЛ: — А на самай справе ў футбалiстаў шмат вольнага часу. Вось паўдня адтрэнiравалiся, зараз можна iсцi дадому пiсаць дыплом. Сёння мы, вядома ж, гэтага рабiць не будзем.

ДЗМІТРЫЙ: — А можна не дадому пасля трэнiроўкi, а на "пару" схадзiць, паслухаць лекцыю.

ПАВЕЛ: — Вось у адпачынку ўсё паедуць у Егiпет, а мы пойдзем ва ўнiверсiтэт.

— А на экзамен можна замест брата прыйсцi?

ДЗМІТРЫЙ: — Падчас паступлення мы дапусцiлi тактычную памылку — паступiлi на розныя спецыяльнасцi. Пасля моцна пашкадавалi аб гэтым.

ПАВЕЛ: — Толькi на двух першых курсах былi аднолькавыя прадметы, зараз усё рознае.

— У жыццi апранаецеся аднолькава?

ДЗМІТРЫЙ: — Гэта ў нас толькi камандная экiпiроўка аднолькавая ва ўсiх, а так апранаемся ва ўсё рознае.

— Дзяўчаты аднолькавыя падабаюцца?

ДЗМІТРЫЙ: — Хутчэй, "так", чым "не".

— Якiя машыны падабаюцца?

ДЗМІТРЫЙ: — Мне "Майбах", "Бентлi"...

ПАВЕЛ: — А мне "Ферары"... А так у нас адна машына на дваiх — "Хёндай Саната". Ну i калi маме трэба кудысьцi, мы, вядома ж, можам пазычыць.

ДЗМІТРЫЙ: — Увогуле густы ў нас падобныя. Калi футбол паказваюць па тэлевiзары, звычайна хварэем за адну i тую ж каманду. Напрыклад, "Барселона", "Манчэстэр".

— Якiя краiны вас прываблiваюць у плане футбольнай будучынi?

ДЗМІТРЫЙ: — Англiя, Iспанiя...

ПАВЕЛ: — Увогуле ўсе, дзе чэмпiянат аб’ектыўна лепшы за наш. Але пра гэта на самай справе рана яшчэ гаварыць.

— Якой кухнi аддаяце перавагу?

ДЗМІТРЫЙ: — Салодкае...

ПАВЕЛ: — Торцiкi... Макароны, спагецi. Мы ўвогуле ўсё ядзiм, няма своеасаблiвых пераваг.

ДЗМІТРЫЙ: — Трэнер "маладзёжкi" Курненiн увогуле сказаў, што ў мяне лiшняя вага, як i ва ўсiх у камандзе. Паадмяняў усе булкi на абедах, вячэрах... Як толькi выйграць нам удалося з лiшняй вагой...

— I сапраўды, як "маладзёжцы" ўдалося выйсцi на першае месца?

ДЗМІТРЫЙ: — Маладзёжная зборная ў нас заўсёды на добрым узроўнi. Абыгралi Латвiю, Сан-Марына i Венгрыю. У групе няма нi iтальянцаў, нi iспанцаў. Ёсць сербы, i гэты ўзрост у iх не самы моцны. Я не разумею, чаму ўсе называюць наша першае месца сенсацыяй.

ПАВЕЛ: — Была б сенсацыя, калi б прайгралi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?