На станцыях і ў аддзяленьнях пераліваньня крыві Беларусі шукаюць новых донараў. Мэдыкі праводзяць тлумачальную працу сярод студэнтаў і ў працоўных калектывах. Агітацыя ўзмацняецца з набліжэньнем 16 сьнежня, калі пачынае дзейнічаць «Закон аб упарадкаваньні льгот асобным катэгорыям грамадзян». Сярод іншых катэгорыяў ён адмяняе льготы і донарам.

Плян прыёму — 17 літраў за дзень — на Дарожнай станцыі пераліваньня крыві сёньня выконваецца. Ці захаваецца такое становішча пасьля адмены льгот, тут ня ведаюць. Галоўнае спадзяваньне — на студэнтаў, кажа галоўны ўрач станцыі Зьбігнеў Пабяржын:

«Можа, калі абвесьцяць, што льготы перасталі дзейнічаць, то нешта і зьменіцца. Але ў нас вельмі шмат студэнтаў, прымаем іх фактычна без абмежаваньняў. Льготамі яны амаль не карыстаюцца, а даплаты да стыпэндыі мы ім робім. Яны хадзілі і будуць хадзіць».

У Беларусі 20 станцыяў і 41 аддзяленьне пераліваньня крыві. Стабільны запас у многіх пачынае зьмяншацца. У Рэспубліканскім навукова‑практычным цэнтры гематалёгіі, які каардынуе працу, не хаваюць, што вядзецца актыўная падрыхтоўка замены кадраў здатчыкаў крыві. Гаворыць дырэктар цэнтру Міхаіл Патапнёў:

«Калі частка донараў акцэнтуе на гэтым увагу, то, напэўна, будзем мяняць гэтых донараў. Найперш — на моладзь. І ў навучальных установах, і на прадпрыемствах — будзем агітаваць тых, каму гэта не асноўнае».

У адпаведнасьці з законам «Аб упарадкаваньні льгот асобным катэгорыям грамадзян», які ўступае ў дзеяньне 16 сьнежня, донары губляюць 50‑працэнтную зьніжку на зубапратэзаваньне, 50‑працэнтную аплату кошту лекаў і ільготаў на санаторна‑курортнае лячэньне».

Ўсясьветная арганізацыі здароўя, Эўразьвязу і Чырвонага Крыжу з маральных меркаваньняў адмаўляе плату за здачу крыві. Аднак з эўрапейскіх краінаў толькі 5 маюць сыстэмы выключна бясплатнага донарства — гэта Фінляндыя, Сэрбія, Славенія, Гішпанія і Вялікая Брытанія. У Чэхіі, Грэцыі, Італіі, Макэдоніі, Румыніі і Харватыі донары ўзнагароджваюцца днямі вызваленьня ад працы. У Нямеччыне дапускаецца аплата здачы крыві.

Паводле: Галіна Абакунчык Radio Free Europe / Radio Liberty

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0