Самыя загружаныя вуліцы Мінска размешчаныя ў цэнтры, а больш свабодна на вуліцы Ціміразева. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе расійскай інтэрнэт-кампаніі «Яндэкс», спасылаючыся на звесткі сэрвісу «Яндэкс.Пробкі», які ацэньвае дарожныя заторы па 10-бальнай шкале.

Больш за ўсё ад дарожных затораў цярпіць цэнтр горада: вуліцы Леніна, Няміга, а таксама скрыжаванне гэтых вуліц з праспектамі Незалежнасці і Пераможцаў. Калі б загружанасць горада ў «Яндэкс.Пробках» разлічвалася толькі на аснове звестак аб цэнтры Мінска, то ў 9 гадзін раніцы загружанасць склала б ужо 7 балаў, затым зніжалася б да 4 балаў у сярэдзіне дня, а ў 18.20 дасягала б максімуму ў 10 балаў — у гэты час практычна ўсе значныя аўтадарогі цэнтральнай часткі горада стаяць мёртва.

Аналітыкі «Яндэкс.Пробак» таксама вывучылі ўсе найбуйнейшыя радыяльныя вуліцы, якія спалучаюць МКАД і ўнутранае аўтакола. На радыяльных магістралях ранішняя і вячэрняя гадзіны пік мала адрозніваюцца, хаця вечарам аўтамабіляў на дарогах Мінска звычайна больш. Што цікава, раніцай і вечарам у горадзе можна трапіць у пробку адразу ў абодвух напрамках. Гэта адрознівае Мінск ад іншых буйных гарадоў. Напрыклад, для Масквы характэрныя «маятнікавыя пробкі»: раніцай усе з ускраіны горада едуць у цэнтр, а вечарам наадварот.

На радыяльных магістралях Мінска больш за ўсё шансаў трапіць у пробку, калі рухацца па Лагойскім тракце і вуліцы Якуба Коласа. Прычым у бок цэнтра на гэтым участку пробкі аднолькавыя і раніцай, і вечарам — па 6 балаў. А вось у бок вобласці ранішнія заторы саступаюць вячэрнім — адпаведна 4 і 6 балаў.

Паводле звестак сэрвісу «Яндэкс.Пробкі», на другім месцы па загружанасці — Далгінаўскі тракт, асабліва калі ехаць у бок цэнтра. Практычна ўвесь дзень абцяжараны рух перад скрыжаваннем з Арлоўскай вуліцай, а пад вечар сітуацыя толькі абвастраецца. Па гэтай прычыне загружанасць тут складае мінімум 5 балаў. 

Трапіць у пробку можна таксама на Ігуменскім тракце і на вуліцы Маякоўскага ў бок вобласці — гэта трэцяя па загружанасці радыяльная магістраль Мінска. Раніцай заторы тут складаюць 3 балы, вечарам — 4. Замыкаюць спіс самых загружаных напрамкаў вуліцы Шаранговіча і Панамарэнкі, дзе з раніцы часам узнікаюць 5-бальныя пробкі ў бок цэнтра.

Астатнія трасы Мінска менш цярпяць ад дарожных затораў. Так, на праспекце Незалежнасці пробкі ў бок цэнтра дасягаюць у вячэрнюю гадзіну пік 5 балаў, аднак практычна не адчуваюцца на працягу ўсяго дня. А больш свабодна ў беларускай сталіцы на вуліцы Ціміразева і на праспекце Пераможцаў паміж МКАД і ўнутраным колам, дзе практычна ніколі не бывае затораў.

Даследаванне самых загружаных вуліц Мінска праводзілася «Яндэксам» на аснове звестак аб пробках у сакавіку 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?