У суботу 10 лістапада адбудзецца цырымонія ўрачыстага ўваходу ў менскую архікатэдру новапрызначанага арцыбіскупа Мітрапаліта Менска‑Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.

Урачыстасьць распачнецца а 11‑й у архікатэдральным саборы імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, што на плошчы Свабоды. На цырымонію запрошаныя госьці зь Беларусі, Італіі, Літвы, Польшчы, Расеі, пра гэта паведаміў «НН» а. Аляксандар Амяльчэня, адказны за СМІ пры сакратарыяце Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. Прыняць удзел у ёй запрошаныя прадстаўнікі мясцовай улады, вернікі, прадстаўнікі розных канфэсіяў.

«Чакаецца вялікая колькасьць жадаючых прысутнічаць на цырымоніі, але катэдра, на вялікі жаль,ня здольная ўмясьціць усіх. Таму на вуліцы будзе ўсталяваны адмысловы экран» — распавёў а. Амяльчэня.

Падчас ўрачыстасьці мітрапаліт Менска‑Магілёўскі архібіскуп Т.Кандрусевіч адслужыць літургію ды прачытае пропаведзь. Будзе зачытаны Ўказ Папы Рымскага Бэнэдыкта ХVI аб прызначэньні архібіскупа Т.Кандрусевіча на пасаду мітрапаліта.

8 лістапада а 11‑й у памяшканьні курыі Менска‑Магілёўскай архідыяцэзіі (г. Менск, вул. Рэвалюцыйная, 1а) адбудзецца прэс‑канфэрэнцыя з удзелам арцыбіскупа Мітрапаліта Менска‑Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. На ёй сярод іншых будуць закранутыя таксама пытаньні цырымоніі 10 лістапада.

***

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся ў 1946 г. у Адэльску на Гарадзеншчыне. Скончыў Ленінградзкі політэхнічны інстытут. 31 траўня 1981 г., па сканчэньні Ковенскай духоўнай сэмінарыі, рукапакладзены ў сьвятары. Абараніў доктарскую дысэртацыю «Самасьвядомасьць Царквы» паводле дакумэнтаў ІI Ватыканскага сабору.

З 1988 г. у Беларусі. 10 траўня 1989 г. прызначаны Апостальскім Пасадам біскупам для Менскай дыяцэзіі. У красавіку 1991 г. прызначаны Апостальскім адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду поўначы Эўрапейскай часткі Расеі. У сакавіку 1999 г. выбраны Старшынём Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Расеі, а ў лютым 2002 прызначаны Папам Янам Паўлам ІІ мітрапалітам новаствораных рымска‑каталіцкіх япархій Расеі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?