Украіне вельмі неабходная стабільная ўлада, легітымнасць якой будзе базавацца на свабодных выбарах.

Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык 15 мая на брыфінгу, адказваючы на пытанне пра стаўленне афіцыйнага Мінска да выбараў прэзідэнта Украіны, што маюць адбыцца. «Разам з тым важна, каб магчымасць для свабоднага волевыяўлення мелі грамадзяне ўсіх рэгіёнаў краіны», — падкрэсліў прэс-сакратар.

«Самастойнае вызначэнне далейшага кірунку свайго развіцця — неад'емнае права ўкраінскага народа. Выбары — гэта найлепшая, найбольш прымальная і дэмакратычная форма мірнай рэалізацыі такога права», — заявіў Мірончык.

Прэс-сакратар адзначыў, што прадстаўнікі Беларусі возьмуць удзел у назіранні за выбарамі ва Украіне як у нацыянальнай якасці, так і па лініі рэгіянальных арганізацый. «Гэта дапаможа нам сфармуляваць іх адэкватную ацэнку», — сказаў Мірончык.

Каментуючы сітуацыю на паўднёвым усходзе Украіны і рэферэндум, што прайшоў 11 мая ў Данецкай і Луганскай абласцях, ён заявіў: «Мы лічым, што вырашэнне ўкраінскага канфлікту павінна базавацца на аб'яднальных, а не раз'яднальных пачатках. Яго неабходна шукаць у першую чаргу ў рамках шырокага агульнанацыянальнага дыялогу, у якім былі б прадстаўленыя інтарэсы ўсіх сіл, што знаходзяцца сёння па розныя бакі барыкад».

Прэс-сакратар МЗС нагадаў, што Беларусь «неаднаразова звярталася з заклікам да ўсіх бакоў украінскага канфлікту ў поўнай меры ўсвядоміць сваю адказнасць за будучыню Украіны і, адкінуўшы амбіцыі, неадкладна сесці за стол перамоў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?