posterЗагана на экспарт / Усходнія абяцаньні (Eastern Promises)
Вялікабрытанія – Канада – ЗША, 2007, каляровы, 100 хв.
Рэжысэр: Дэйвід Кронэнбэрг
Ролі выконваюць: Наомі Ўотс, Віга Мортэнсэн, Вэнсан Касэль, Армін Мюлер-Шталь, Ежы Скалімоўскі, Шынэд К’юсак, Джэзэф Элцін, Міна Э.Міна
Жанр: Крымінальная драма
Прызы: Прыз глядацкіх сымпатый Дэйвіду Кронэнбэргу на МКФ у Таронта
Адзнака: 6,5 (з 10)

На Каляды непаўналетняя, пра якую ніхто нічога ня ведае, гіне ў лёнданскім шпіталі, нарадзіўшы дзіця. На руках у акушэркі Ганны (Наомі Ўотс) застаецца немаўля – і дзёньнік памерлай, які прыводзіць гераіню ў гняздо рускай мафіі…

Пясьняр мутацый Дэйвід Кронэнбэрг халаднавата й жорстка дасьледуе інвазію чужой культуры – і дваістую прыроду чалавека. Калі героі “Сканэраў”, “Мухі”, “Відэадрому” пакутавалі на цялесныя трансфармацыі й мэнтальныя катастрофы, то ахвярай “Усходніх абяцаньняў” стаецца горад.

Чырвоныя, чорныя, белыя вантробы рэстарацыі, брунатна-сьлізкая набярэжная, дзе топяць трупы, стэрыльна-ўтульныя пакоі сярэдняй клясы – і шокавы сваёй шараговасьцю крымінальны побыт.

Гістэрычны злачынны “прынц” Вэнсан Касэль, падкалодна-ласкавы “кароль” Армін Мюлер-Шталь – і манумэнтальны Віга Мортэнсэн, які ёсьць зусім ня тым, кім здаецца. У кожнага з герояў – двайное дно, і татуіроўкі на скуры ня скажуць праўды.

Хаця ад размаляванага Мортэнсэна шарахаліся рускія эмігранты, карціну папракнуць у “этнічных” недакладнасьцях. Менавіта ў Кронэнбэрга Мортэнсэн сыграў свае найлепшыя (і рызыкоўныя!) ролі. Фільм саступае папярэдняй “Гісторыі гвалту” – але ёсьць адметнай зьявай на беларускіх экранах.

У крымінальнай драме майстра хорару стрыманы – але сцэны, якія ён падрыхтаваў гледачу, вы не забудзеце.

Сэансы ў кінатэатры “Перамога” .

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?