У Маскве 16 мая адбыўся чарговы раўнд беларуска-расійскіх кансультацый паміж МЗС па пытаннях узаемадзеяння дзвюх краін па лініі АБСЕ і Савета Еўропы. Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, мерапрыемства прайшло ў межах рэалізацыі праграмы ўзгодненых дзеянняў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі.

Беларускую дэлегацыю на кансультацыях узначаліў начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Дзяніс Сідарэнка, расійскую — дырэктар дэпартамента агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Іван Салтанаўскі.

«Падчас кансультацый бакі абмеркавалі становішча спраў у АБСЕ, у тым ліку развіццё працэсу «Хельсінкі плюс 40» і меры, што прымаюцца ў межах арганізацыі па садзейнічанні ўрэгуляванню крызісу ва Украіне. Была падкрэслена неабходнасць далейшага рэфармавання АБСЕ ў мэтах яе ўмацавання і павышэння эфектыўнасці», — зазначаецца ў паведамленні.

Быў таксама прадметна разгледжаны ўвесь комплекс пытанняў, што тычацца прыярытэтаў і перспектыў развіцця адносін дзвюх краін з Саветам Еўропы і яго Парламенцкай асамблеяй, паведамляе прэс-служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?