«Мы заклапочаныя запалохваннем, адвольным арыштам і затрыманнем некалькіх дзясяткаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных арганізацый напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі», — гаворыцца ў распаўсюджанай 16 мая заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешняга дзеяння з нагоды затрымання ў Беларусі больш як 30 грамадскіх і палітычных актывістаў.

«Мы асуджаем выкарыстанне беларускімі ўладамі адміністрацыйнага затрымання як інструмента ціску, стварэння атмасферы страху і няпэўнасці для маладога пакалення жыхароў Беларусі», — адзначаецца ў дакуменце. 

Еўрасаюз заклікаў улады Беларусі «неадкладна спыніць гэтыя дзеянні і адпусціць усіх несправядліва затрыманых, зняўшы з іх усе абвінавачанні». «Таксама мы зноў заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных», — гаворыцца ў заяве. 

Падкрэсліваецца, што «гатоўнасць ЕС да далейшага развіцця адносін з Беларуссю застаецца абумоўленай канкрэтнымі крокамі Беларусі ў накірунку дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права». 

Нагадаем, напярэдадні адкрыцця і падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманні і арышты грамадскіх актывістаў. Згодна з заявамі праваабаронцаў, было затрымана і асуджана прыкладна 30 чалавек, прычым пераважная большасць — прэвентыўна, на падставе сфабрыкаваных і аднатыповых абвінавачанняў у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. 

Варта заўважыць, што, паводле слоў актывіста маладзёжнага крыла Партыі БНФ Мікалая Бабушкіна, які вызваліўся 14 мая са сталічнага цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, напярэдадні чэмпіянату было затрымана і асуджана значна больш людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?