Як паведаміла Польскае радыё, 6 лістапада ў Варшаве польская паліцыя затрымала былога мужа палітычнай уцякачкі зь Беларусі Вольгі Класкоўскай. Затрыманьне адбылося ў будынку раённага суду «Варшава-Жалібаж» а 13-й гадзіне мясцовага часу.
Мужчына прыехаў зь Менску ў Варшаву на судовае паседжаньне ў справе запыту беларускага боку аб выдачы яму шасьцігадовай дачкі Міраславы. Паводле непацьверджанай інфармацыі, мужчыну затрымалі ў сувязі з абвінавачаньнем у крадзяжы дзяўчынкі, якая ў Польшчы знаходзіцца пад абаронай Жэнэўскай Канвэнцыі.
Паліцыя ды суд пакуль ня хочуць выказвацца ў гэтай справе.
Муж і жонка вядуць спрэчку аб тым, з кім мае быць дзіця. Жонка, якая атрымала статус палітычнай уцякачкі зь Беларусі, цьвердзіць, што мужа падтрымліваюць лукашэнкаўскія структуры.