Лідар незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю вечарам 19 мая.

Ён быў асуджаны 25 красавіка на 25 сутак (15+10 сутак паводле двух пратаколаў пра парушэнне правілаў нагляду і пра непадпарадкаванне міліцыі). Дашкевіч быў затрыманы напярэдадні вечарам прыкладна ў 22:00 (24 красавіка) перад пад'ездам дома, у якім жыве.

На судзе Дашкевіч прызнаў, што спазніўся дамоў (ён мусіць быць дома з 20:00 да 6-й раніцы), бо затрымаўся на працы. Аднак ён назваў хлуснёй заявы міліцыянтаў пра непадпарадкаванне.

***

Прэвентыўны нагляд над Змітром Дашкевічам павінен скончыцца 28 мая.

28 жніўня 2013 года Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю з гарадзенскай турмы № 1 пасля амаль трохгадовага зняволення. Яго арыштавалі напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года, і асудзілі на два гады спачатку за «асабліва злоснае хуліганства», а пасля — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0