Пераможцу «нашаніўскага» апытаньня на званьне Чалавека кастрычніка Алега Лабовіча тэлефанаваньне застала ў шпіталі, дзе ён знаходзіцца зь меншым сынам Янкам. Нягледзячы на гэта сп.Алег адказаў на некалькі нашых пытаньняў.

«Наша Ніва»: Для Вас было прынцыповым, каб сын пайшоў менавіта ў беларускамоўную клясу?

Алег Лабовіч: Безумоўна. Я сам вучыўся ў беларускамоўнай школе. Мне падабаецца наша мова, таму ад самага нараджэньня дзяцей марыў, каб вучыліся толькі па‑беларуску. Калі прыйшоў час задумацца пра навучальную ўстанову для сына, то высьветліў, што на роднай мове ў Бярозе нідзе навучацца немагчыма. Пачаў дамагацца свайго. Дабіўся.

«НН»: Чакалі, што ўсё складзецца досыць лёгка?

АЛ: Абсалютна не чакаў. Думаў, што ўсё будзе нашмат цяжэй. Быў гатовы ісьці на доўгатэрміновую барацьбу. Зьбіраўся нават падаваць у суд, наймаць адвакатаў, каб адстаяць свае правы. Я хачу, каб мае дзеці вырасьлі сапраўднымі беларусамі. Любілі і паважалі мову, ведалі гісторыю. Беларускай адукацыі буду дабівацца і для меншага дзіцяці. Ёсьць праблема, што настаўнікі, якія самі ў жыцьці не карыстаюцца беларускай мовай, ня змогуць даць добрай адукацыі нашым дзецям, але я гэтага не баюся. Нешта дадуць настаўнікі, нешта — я сам. Галоўнае, што створаны прэцэдэнт.

«НН»: Дзе яшчэ беларускамоўныя могуць адстаяць свае правы?

АЛ: Мне цяжка казаць пра нейкія канкрэтныя прыклады. Мне падаецца, што галоўнае, каб была зацікаўленасьць і жаданьне, у такім выпадку можна дамагчыся ўсяго.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0