Жыхарку Свіслацкага раёна, якая заблукала ў лесе, знайшлі праз тыдзень пошукаў з дапамогай ваеннага верталёта. Аб гэтым паведаміў прэс-сакратар УУС Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Козыраў.

73-гадовая жыхарка вёскі Ражкі Свіслацкага раёна сышла з дому 12 мая. Сведкі бачылі, як яна каціла ровар па кірунку да вёскі Грыцэвічы Бераставіцкага раёна. Калі да раніцы пенсіянерка дадому не вярнулася, сваякі звярнуліся за дапамогай у Свіслацкі РАУС.

Жанчыну шукалі ўвесь тыдзень. На ногі былі паднятыя праваахоўнікі, супрацоўнікі МНС, лясніцтва, валанцёры пошукава-выратавальнага атрада «Анёл», аднак усё было дарэмна. На шосты дзень нечакана сваякам патэлефанавалі. Зніклая датэлефанавалася ім па мабільным тэлефоне і паведаміла, што заблукала і знаходзіцца ў незнаёмай мясцовасці пасярод лесу на невялікі забалочанай паляне. Дзякуючы гэтаму званку ўдалося звузіць кола пошуку.

Як распавёў намеснік начальніка Свіслацкага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік міліцыі Павел Пянткоўскі, для пошукаў жанчыны ўпершыню задзейнічалі верталёт. Упраўленне крымінальнага вышуку УУС Гродзенскага аблвыканкама звярнулася па дапамогу да вайскоўцаў. На Пружанскай авіябазе адгукнуліся імгненна і даслалі верталёт Мі-8. З яго дапамогай бабульку ўчора ўвечары ўдалося знайсці жывы і цэлай. Яна сядзела на краі балаціны каля ракі Свіслач прыкладна за 2 км ад вёскі Чаплічы Бераставіцкага раёна. Яна была моцна аслабленая, знясіленая, аднак яе жыццю нічога не пагражае.

У прэс-службе УУС паведамілі, што зазвычай пенсіянеры губляюцца, сыходзячы з дому і не папярэджваючы сваіх блізкіх ні пра мэты, ні пра маршруты сваіх падарожжаў. Напярэдадні ягадна-грыбнога сезону праваахоўнікі нагадваюць жыхарам вобласці аб тым, што, выпраўляючыся ў лес, неабходна мець з сабой зараджаны мабільны тэлефон, запас ежы, ліхтарык, нож, компас, запальнічку, лекі. Пажадана надзець яскравую вопратку са святлоадбівальнымі элементамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?