Беларускія распрацоўшчыкі не вельмі часта мільгаюць у Google Play, а тым больш у App Store. Вось і ўявіце сабе, што значыць знайсці мабільныя праграмы на роднай мове. Вось некаторыя з іх.

MOVA

iTunes або Google Play

У кампаніі velcom вырашылі, што Apple можна чакаць, але не дачакацца, таму самі інтэгравалі беларускую клавіятуру ў iOs-прылады. Працуе ўсё вельмі проста: на беларускай раскладцы вы пішаце пра тое, як крута учора патусілі / паспалі / паелі / паляжалі. Пры неабходнасці MoVa перакладзе з рускай і ангельскай на родную мову. Беларускі тэкст можна адправіць у vk.com, Facebook, Twitter ці зладзіць смс-рассылку ўсёй тэлефоннай кнізе. Інтэграцыі ў Instagram няма, але з гэтым лёгка спраўляецца буфер абмену, так што #сняданку #прыгажосцi #кветкам быць.

Карыстальнікі дадатак ацанілі: радуюцца, прызнаюцца ў любові і кажуць velcom «дзякуй». Без лайфхакаў таксама нікуды: «А калі купіць смартфон ад «Майкрасофта» і пазначыць, што вы жывяце ў Беларусі, дык увесь інтэрфейс смарта будзе на беларускай мове, не кажучы пра клавіятуру». З магчымых 5 балаў на Google Play MoVa пакуль набірае 4,8, а карыстальнікі дапамагаюць выпраўляць багі: «Дадайце аўтавыпраўленне і зрабіце так, каб можна было адразу выдаліць усё, што напісаў. А так усё вельмі добра».

Go Minsk 

iTunes або Google Play

Пра гэтую праграму мы ўжо падрабязна пісалі. Здавалася б, звычайны гід па Мінску, якіх у App Store і Google Play процьма. Але ніхто яшчэ не уключаў ізалятары на Валадарскага і Акрэсціна ў спіс «Культура». Варта заўважыць, што культурную частку мінскія даведнікі ўвогуле абыходзяць бокам, а Go Minsk прапануе і ЛГБТ-шпацыр, і «Пачварны Мінск», і піша, што рабілася на Кастрычніцкай плошчы ў 2006 годзе.

Карыстальнікі не скупяцца на хвалы: «Досыць неблагі гайд з купай цікавых мейсцаў і добрым дызайнам. Асабліва парадавала наяўнасьць шпацыроў, праўда, шкада, што без здымкаў». Ёсць і недахопы: напрыклад, у «Хані-Бані» ўжо нельга курыць, а «Першамайскі» пасля 22:00 перастаў быць кругласутачным. Але Go Minsk атрымлівае свае заслужаныя 4,8 з 5.

Тэст ПДР 

iTunes або Google Play

Праграма ад pdd.by «Тэст па правілах дарожнага Руху Рэспублікі Беларусь» прадстаўлена і на беларускай мове. Тут ёсць залікі па ўсіх тэмах ПДР, а таксама агульны экзамен. Карыстацца проста: націскаеш «Старт» — і наперад. На кожны залік і на экзамен адводзіцца па 15 хвілін.

У наладах можна адмовіцца ад падліку памылак, можна выключыць гук, выбраць гукавую схему — іх усяго дзве: новая і класічная (першая круцейшая: пры націсканні кнопкі «Старт» заводзіцца машына).

Карыстальнікі пішуць, што «ў цэлым нядрэнна, але ёсць шмат нюансаў». «Калі рыхтавалася да іспыту ў ДАІ, гэта праграма мне вельмі дапамагла. Цяпер часам зазіраю, каб асвяжыць у памяці некаторыя моманты», — прызнаецца нехта Таццяна Глінская. А Yauhen Lazurkin наракае, што праграма «павольная і з ніякай юзабіліці. Любы пераход суправаджаецца затрымкай. Юзабіліці наогул не прадумана. Замест крутых фіч лепш бы звярнулі ўвагу на якасць». 4,6 з 5.

 «Зайкава хатка» 

iTunes

Беларуская казка, якая прадстаўлена на англійскай, польскай, рускай і ўкраінскай мовах. Ілюстрацыямі займалася Наташа Чаткова, а распрацоўшчыкі зрабілі іх інтэрактыўнымі: зайка, напрыклад, будзе рабіць характэрныя рухі, калі на яго націснеш. Чытаць можна пад фонавую музыку, якая хоць і прыгожая, але, ёсць падазрэнні, адцягвае ўвагу.

На жаль, зробленая «Зайкава хатка» толькі пад iPad. Але калі гэта не праблема, то спакойна можаце яе купляць сваёй малечы. Так, праграма платная - 0,99$, але, нягледзячы ні на што, «Зайкава хатка» атрымлівае свае 4+ у App Store.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?