Супермэн, Тор, Жалезны чалавек і некалькі іншых супергерояў неслі труну падчас пахавання пяцігадовага Брэйдана.
Маленькаму Брэйдану Дэнтану з Індыяны (ЗША) паставілі дыягназ «рак мозга» 20 красавіка 2013 года. З таго часу пачалося яго змаганне з хваробай, якая патроху, але няўмольна перамагала.
«Спачатку ён перастаў хадзіць. Тэрапія на нейкі час дапамагла, ён змог падняцца з ложка. Потым яму зноў стала горш, ён быў нават не ў стане што-небудзь з'есці ці выпіць…» — распавядае маці Брэйдана Стэйсі Дэнтан.
Па словах Стэйсі, падчас кожнай працэдуры ў хлопчыка была з сабою фігурка нейкага супергероя. Брэйдан з трохгадовага ўзросту быў вялікім фанатам супергерояў. Больш за ўсіх ён любіў Чалавека-павука.
8 мая хлопчык памёр. Стэйсі вырашыла належным чынам ушанаваць мужнасць маленькага чалавечка, які змагаўся да апошняга.
«Я адчувала, што, калі б сын глядзеў на нас з нябёсаў, ён быў бы шчаслівы», — кажа яна.
Сярод тых, хто нёс труну, быў брат Стэйсі ў ролі Тора і яе стрыечны брат, апрануты Жалезным чалавекам.