Аляксандар Старыкевіч рэзка крытыкуе Паўла Шарамета і Сяргея Калякіна.

Камуністаў можна павіншаваць. У іх зьявілася свая «Советская Белоруссія». Гэтую ролю ўзялі на сябе «Белорусскій партізан» і асабіста Павал Шарамет, які назваў ганебна правалены Калякіным і кампаніяй «Сацыяльны марш» «яскравым і ўдалым».

Нагадаем, што на «Сацыяльны марш» прыйшло 1300-1500 чалавек. Гэта разам са скінхэдамі, якіх арганізатары «для стварэньня масавасьці» бесьперашкодна пусьцілі ў калёну і каторыя зладзілі, калі не памыляюся, першую ў гісторыі беларускай апазыцыі бойку ПАМІЖ удзельнікамі акцыі.

У выніку «Сацыяльны марш» датэпаў па дазволеным уладамі маршруце да сумна знакамітай плошчы Бангалор, дзе адбыўся бессэнсоўны мітынг. Правал акцыі, асноўнымі арганізатарамі якой выступалі, камуністы, відавочны. Але …

Чорнае – гэта белае

«Камуністаў можна павіншаваць. Сацыяльны марш атрымаўся пярэстым, яскравым і шумным, — так пачаў свой артыкул на «Белорусскім партізане» Павал Шарамет. — На думку, напрыклад, выпадковага мінака (вылучана мной – А. С.), Сацыяльны марш сабраў не нашмат менш удзельнікаў, чым Эўрапейскі… Сацыяльны марш атрымаўся нават больш яскравым, чым Эўрапейскі: пэнсіянеры-інваліды, бабулі з каструлямі, аркестар».

Тут Павал чамусьці паставіў кропку, забыўшы згадаць пра тых самых скінхэдаў, якія без сумненьняў, надалі акцыі асаблівую яскравасьць.

Затое Шарамет не забыў традыцыйна «наехаць» на Мілінкевіча, які «ад Сацыяльнага маршу ўхіліўся, грошай і сіл на яго не марнаваў” і наагул «дэманстратыўна накіраваўся ў Масты весьці тлумачальную працу».

Там экс-кандыдата ў прэзыдэнты, як вядома, ненадоўга затрымалі, што выклікала ў Шарамета асаблівае абурэньне: «Івашкевіча, які ў адзіноце размахваў у цэнтры Менску двума забароненымі да выкарыстаньня сьцягамі – бел-чырвона-белым і эўрапейскім – не кранулі, а Мілінкевіча дасталі ў саміх Мастох. У які ўжо раз пераконваюся, што ўлады падыгрываюць лідэру незарэгістраванага руху «За свабоду!».

То бок, калі затрымліваюць Шарамета, які час ад час наведваецца ў Менск, — гэта «правакацыя злачыннага рэжыму». Кал ж у такой самай сытуацыі апынаецца Мілінкевіч – гэта ўлады мэтанакіравана працуюць на імідж «свайго памагатага».

Тэорыя змовы

Далей і наагул выкрываецца маўклівая змова часткі апазыцыі з адміністрацыяй Лукашэнкі: «Дзіўным чынам цяпер інтарэсы нацыяналістаў супадаюць з жаданьнямі ўлады … Нацыяналісты не жадаюць бударажыць народ, нават падвялі пад свой няўдзел у сацыяльных акцыях пратэсту цэлую тэорыю. Маўляў, Лукашэнка вымушаны праводзіць рэформы, сацыяльнае напружаньне будзе расьці, а разбуджаны беларускі народ зь пярэпалаху кінецца ў абдымкі Расеі».

Хацелася б, каб агульныя абвінавачваньні ў стылі «Советской Белоруссіі» і праграмы «Рэзананс» былі падмацаваныя спасылкамі на крыніцы: хто, дзе і калі агучыў вышэйзгаданую тэорыю. Тым болей, што яна моцна разыходзіцца з практыкай. «Эўрапейскі марш», арганізаваны «нацыяналістамі», таксама цяжка назваць пасьпяховай акцыяй, але ўсё-ткі ён меў значна большы рэзананс, чым «Сацыяльны».

Аднак Шарамет ігнаруе гэтыя абставіны і ізноў пераходзіць да славаслоўяў на адрас Калякіна і кампаніі: «Беларускія камуністы, трэба аддаць ім належнае, народ за сьпячых бараноў не трымаюць… Сацыяльны марш – гэта адзіная на маёй памяці ўдалая акцыя камуністаў за апошнія некалькі гадоў. Даўно яны больш тысячы чалавек не зьбіралі. У нядзелю было сама меней тры тысячы…» (Для зьвестак: нават сайт камуністычнай газэты «Товарішч» заяўляе пра 2 тысячы ўдзельнікаў).

Рэзюмэ: у Беларусі насьпела рэвалюцыйная сытуацыя. Але рэжым баіцца не «нацыяналістаў, які адарваліся ад народу», а чуйных да народных спадзеващ Калякіных са таварышы. Таму камуністаў улада душыць, а тых, хто кліча ў Эўропу – не, робіць выснову Шарамет.

Карацей, для паўнаты карціны не хапае толькі фінальнага лёзунгу: “Жыве Партыя Камуністаў Беларуская і яе мудры правадыр Сяргей Іванавіч Калякін!»

(З поўным тэкстам артыкулу ахвотныя могуць азнаёміцца тут.)

«Сочым за фігурай»

Цікава ня тое, што «Белорусскій партізан» ператварыўся ў “Советскую Белоруссія” зь іншым знакам. Цікава, чаму гэта адбылося. Хачу прапанаваць сваю вэрсію..

На пачатку 2007 году актывізаваліся спробы стварыць у Беларусі прарасейскую апазыцыю. Зьляпіць яе вырашылі – уласна, варыянтаў было небагата – на аснове Партыі камуністаў Беларускай.

Менавіта з гэтага моманту «Белорусскій партізан» пачаў бессаромна піярыць Сяргея Калякіна і «мачыць у сарціры» ягоных патэнцыйных канкурэнтаў у апазыцыі. Вось адна толькі цытата з артыкулу «Сочым за фігурай», які зьявіўся на гэтым сайце 28 лютага.

«Відавочна, што Калякін гуляе белымі. І белыя ўзмацняюць свае пазыцыі. Што, канечне, ня можа падабацца Аляксандру Лукашэнку і ня можа быць не заўважана Масквой …

Відавочна і іншае: Крамлю патрэбны пераемнік Лукашэнкі зь цяперашняга атачэньня беларускага лідэра і прарасейская нелукашэнкаўская палітычная сіла. Пераемніка абіраюць па спэцканалах. А вось з нагоды прарасейскай апазыцыі ідзе публічная дыскусія: дзе яе шукаць і яе ствараць».

Самае забаўнае, што «Белорусскій партізан» вызначыў Калякіну «столь»: маўляў, на прэзыдэнцкі каравай рот не разявай, а вось сьпікер парлямэнту – самае тое.

«Героі» і «баязьліўцы»

«Аляксандар Мілінкевіч народжаны не для палёту, — гэта ўжо Павал Шарамет у іншым артыкуле. – Ён вельмі прагматычны і празьмерна асьцярожны». (Ага, а Калякін, канечне, рыхтык Джэк Верабей.)

Далей Шарамет абвінавачвае Мілінкевіча ў «асабістай баязьлівасьці» і наагул прад’яўляе яму такі набор прэтэнзіяў, што БТ проста адпачывае. Паводле Шарамета:

а) Мілінкевіч дзеля ўласнага працаўладкаваньня гатовы разваліць духоўна блізкі Беларускі Народны Фронт;

б) за Мілінкевічам стаяць палякі;

в) Мілінкевічу падыгрываюць улады (гэта праходзіць чырвонай ніткай ледзь не праз кожны артыкул): КДБ атакуе «Малады фронт», каб змусіць людзей пераходзіць у рух «За свабоду»;

г) і наагул Мілінкевіч народжаны не для палітыкі.

Фраза ж «Аляксандар Мілінкевіч «трымае касу», на ім завязаныя асноўныя фінансавыя патокі Захаду» зьяўляецца прамым даносам. І часткова пралівае сьвятло на прычыны «наезду» на экс-кандыдата ў прэзыдэнты.

Я не вялікі прыхільнік Мілінкевіча і не лічу, што ў цяперашні час гэты палітык уяўляе сур’ёзную небясьпеку для ўладаў. Але, прабачце, калі ў якасьці альтэрнатывы яму падсоўваюць Калякіна, — гэта ўжо проста сьмешна.

Акрамя таго, абвінавачваньні, вылучаныя Шараметам, патрабуюць хоць якіх доказаў, якімі журналіст сябе традыцыйна не абцяжарвае. Дарма: такія рэчы могуць вярнуцца бумэрангам. Хтосьці ж можа сказаць, што і з-за грамадзяніна РФ Паўла Шарамета тырчаць вушкі спэцслужбаў, толькі расейскіх...

Не сакрэт, што «Белорусскій партізан» робіцца ў Маскве. Зь цягам часу гэта ўсё больш і больш уплывае на зьмест сайту. Яго ўжо можна называць «БелоРУССКІЙ партізан».

Хлусьня на службе ўлады

Ужо пасьля «Сацыяльнага маршу» «Белорусскій партізан» перадрукаваў інфармацыю агенцтва БелаПАН аб меркаваных акцыях пратэсту, якія арганізуюць камуністы. Цікава, што ў арыгінале ў гэтай зацемцы была назва «17 сьнежня апазыцыя разьлічвае правесьці паўтары тысячы сацыяльных пікетаў». Але «партызаны»-піяршчыкі вырашылі ўзмацніць эфэкт: «17 сьнежня Беларусь накрые хваля сацыяльных пікетаў».

О так! Я ўжо бачу гэтае цунамі, зь якога, захлёбваючыся і адфыркваючыся, ледзь выплывае Аляксандар Лукашэнка. А наступная, веснавая хваля дакладна паглыне яго з галавою…

Да таго часу, пакуль мы не перастанем маніць самім сабе, ні пра якія перамены нават марыць не даводзіцца. Хто сапраўды грае на руку ўладам, дык гэта тыя людзі, якія выдаюць чорнае за белае і цьвердзяць, што вось-вось гране бура, якая зьмяце зьненавіднага дыктатара.

Заявы ў духу «Вернай дарогай ідзём, таварышы, перамога блізкая» гучаць ужо даўно. Толькі іх аўтары за «базар» ніколі не адказваюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?