Аказалася, не ўсе заўзятары ў захапленні ад матчу і паводзін брацкіх народаў. 33-гадовы Вячаслаў — беларус, у дзяцінстве ён жыў з бацькамі ў Расіі. Цяпер жыве ў Мінску, часта ходзіць на апазіцыйныя мітынгі з бел-чырвона-белым сцягам. Фанат. Заўзее за Беларусь, але на матч Беларусь — Расія хадзіў пад расейскім сцягам у расійскай майцы. У гэты раз хацеў і Расію падтрымаць. Вось што ён распавёў пасля матчу.

«Атмасфера братэрства і адзінства — гэта было толькі да і падчас матчу. Потым было рэальна страшна хадзіць па вуліцы. Я — рускі беларус. Але калі ўчора пахадзіў па Мінску з расейскім сцягам, упершыню адчуў страх і агрэсію ад беларусаў. Мяне і групу сяброў прымалі за рускіх. Як толькі мы крычалі «Рос-сі-я! «, нам у адказ часта даносілася: «Расія — усім смактаць!» Здзівіла, што гэта не з аднаго натоўпу даносілася, а ў розных частках зоны гасціннасці. Піва ім, ці што, у галаву ўдарыла напрыканцы матчу? Многія спрабавалі задзірацца, крычалі: «Валіце ў Расію». Палітыку ў асноўным не чапалі, але былі людзі, якія крычалі ў твар: «Хрэн вам, а не анэксія Беларусі».

Да Расіі па-рознаму можна ставіцца, але цяпер расейцы сябе паводзілі нашмат больш культурна. Чапляліся да нас самі беларусы — першыя! Гэта талерантнасць? Мы казалі «Беларусы — малайцы» і імкнуліся сысці. Хто добразычлівы — заўсёды падыходзілі і руку ціснулі, але менавіта пасля матчу быў проста наплыў агрэсараў. Падыходзяць з хітрай усмешкай, і ты бачыш, што яму толькі патрэбная нагода завязаць спрэчку. У двары за «Гурманам «, які на Нямізе, наш таварыш з Піцера хаваўся ў машыне. З яго машыны павыдзіралі з коранем расійскія сцягі!

Здзівіла, што гэтыя задзіракі усе былі толькі з чырвона-зялёнымі сцягамі. Цяпер усю краіну аб'яднаў хакей. Я ніколі не бачыў, каб малалеткі, гуляючы, спявалі беларускі гімн. У гэтым плане краіна перамагла. Нават ультрас і тое чырвона-зялёныя сцягі ў рукі ўзялі. Бел-чырвона-белы зараз сапраўды на другім плане. Гэта яднанне дарагога варта. Але што да братэрства… Склалася адчуванне, што Беларусь — краіна-прастытутка: братаецца, а ножык за спіной трымае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?